Палотны паводле работ Маціса

22 марта 2018

15 карцін дзеці рыхтавалі 8 месяцаў. Бліжэй да лета экспазіцыя пераедзе на гарадскія вуліцы. Пакуль жа работы ўпрыгожваюць раённы цэнтр культуры.

Побач з выставай размясцілася інсталяцыя саматканых ручнікоў і дызайнерскія саламяныя касцюмы. Пра каларыт раённых майстроў – Наталля Кезік.

Вераніка з імпэтам тлумачыць сяброўкам, чаму менавіта такія сюжэты мастака Анры Маціса выбрала для сваёй творчасці. Вучыцца маляваць школьніца пачала два гады таму. Яна марыць стаць мастаком альбо скульптарам. Таму да творчага задання падышла сур'ёзна - на выставе прадэманстравала адразу дзве карціны.

Вучні клецкіх школ да гарадской выставы падрыхтавалі 15 работ паводле палотнаў мастака Маціса. Стварыць дакладную копію не было самамэтай падчас урокаў па жывапісе.

На занятках у творчай майстэрні школьнікі вывучаюць розныя тэхнікі - выцінанку, аплікацыю, пляценне і жывапіс. Да фарбаў тут асаблівы падыход. На белых палотнах малююць не толькі алоўкамі і фламастарамі.

Нядаўна школьнікі разам з педагогам стварылі і ўласную экспазіцыю беларускіх ручнікоў, што захоўваліся ў бабуліных куфрах некалькі дзясяткаў гадоў. На адмысловай выставе – льняныя саматканыя палотны, якія быццам узлятаюць.

На выраб гэтых двух саламяных касцюмаў майстрам – дарослым і дзецям – спатрэбілася машына саломы. Спачатку матэрыял ачышчаюць і адбельваюць, затым сплятаюць у дэталі сукенкі, а іх ужо ў паўнацэнны касцюм.

Шыюць такое адзенне і адраджаюць старажытнае рамяство ўдзельнікі гуртка па саломапляценні. Вытанчаныя саламяныя ўборы - для асаблівых выпадкаў. На клецкай зямлі іх апранаюць на важныя і ўрачыстыя мерапрыемствы. А рыхтуюцца да раённых святаў таксама адказна. 18 калектываў – тэатральныя, танцавальныя, харавыя - дзіцячыя і дарослыя – штогод абнаўляюць рэпертуар.

Пасля капітальнага рамонту Клецкі раённы цэнтр культуры стаў утульным месцам для развіцця творчых здольнасцяў дзяцей. Заняткі па душы тут знаходзяць і дарослыя. А ўсе разам працягваюць справу продкаў, тым самым захоўваюць самабытныя рамёствы свайго краю.