Шэдэўры будысцкага пантэона ў Нацыянальным мастацкім музеі

5 сентября 2016

Унікальная калекцыя з фондаў Эрмітажа прыбыла ў Мінск. Металічныя скульптуры, тыбецкі жывапіс і рытуальныя прадметы з Усходу. Самыя старажытныя артэфакты датуюцца XII стагоддзем. Для шырокай публікі экспазіцыя адкрыецца 10-га верасня. Аб падрыхтоўцы выставы - Ніна Мажэйка.

З ліфтавай у экспазіцыйную залу. Гэты шлях, мабыць, самы кароткі з усіх, што давялося пераадолець. Далікатны і каштоўны груз прыбыў у Мінск з Санкт-Пецярбурга ў спецыяльным аўтафургоне з кантролем вільготнасці і тэмпературы - ізатэрмічным кузаве.

Кожная скрыня з кляймом Дзяржаўнага Эрмітажа Расіі выраблена спецыяльна пад перавозку канкрэтных экспанатаў. Надзейная сістэма мацавання - для транспарціроўкі і размяшчэння шэдэўраў створаны ўсе ўмовы. Куратар выставы з расійскага боку аглядаецца ў беларускіх музейных залах.

Самыя старажытныя экспанаты датуюцца XII стагоддзем. Патрэбен пастаянны догляд такіх рарытэтаў. З рабочым візітам у Мінск прыехаў і рэстаўратар з Эрмітажа. Разам з беларускімі калегамі правярае ступень захаванасці. Да кожнага з экспанатаў прыкладаецца анатацыя стану і нават сума страхоўкі.

Мастацтва, якое ўвасабляе ідэі адной з найстаражытнейшых сусветных рэлігій. Усе гэтыя рарытэты яшчэ з дарэвалюцыйнай калекцыі камергера і саветніка па азіяцкіх справах Мікалая Другога Ухтомскага, а таксама знаходкі падарожнікаў. У эпоху павальнага захаплення Усходам на мяжы XIX і XX стагоддзяў гэтыя шэдэўры былі як фетыш. Фігуры падпарадкаваны строгім правілам іканаметрыі з бездакорным прытрымліваннем прапорцый. Колер бажаства, пастава, жэсты і нават упрыгажэнні маюць сакральнае значэнне. Таму рабіў такія скульптуры майстар з духоўным пасвячэннем.

Будысцкі пантэон у метале. Гэта той самы выпадак, калі важная форма, а не змест. Зусім хутка каштоўныя па духоўных мерках скульптуры зоймуць адведзеныя месцы ў шкляных вітрынах Нацыянальнага мастацкага музея.

Існуе нават тэрмін "будысцкая бронза" - некананічны сплаў металаў. Дарэчы, яго склад служыць індыкатарам часу і геаграфічнай прыналежнасці скульптур. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра мастацтва паўночнага будызму. Экзотыка для беларускіх гурманаў. Шэдэўры спачатку пакажуць у сталіцы, а затым у Гомелі.