Сёння ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень мультфільмаў

6 апреля 2015

Гэтае свята афіцыйна сталі адзначаць  толькі 13 гадоў назад. Сёння анімацыя даступная для прагляду  з усімі спецэфектамі. І беларускія аніматары  не адстаюць. І ствараюць серыял "Калабок"  у 3Д. Сюжэт - Кацярыны Шыбко.

Гэты мультфільм сучаснай інтэрпрэтацыяй "Калабка" відавочна не назавеш. І нават нягледзячы на тое, што сцэнарый перапісваўся мноства разоў - у аснове ўсё той жа сюжэт, які кожны памятае з дзяцінства. 

Марына Карпава над стварэннем 11-хвіліннага мультфільма разам з камандай, (якая збіралася па ходзе вытворчасці "Калабка"), працавала практычна 9 месяцаў. На сябе ўзяла функцыі аўтара, рэжысёра, аніматара і нават кампазітара - не маючы пры гэтым музычнай адукацыі.

Марына Карпава, рэжысёр м/ф "Калабок": "Прыйшлося самой напісаць музыку - не ведаючы ніводлнай  ноты.  І музыка мне прыснілася ў сне.  На раніцу я прачнулася з поўнай партытурай у галаве".

Песню галоўнага героя анімацыі выканаў на той момант 9-гадовы  Ян Лучына. У маленькую каманду вялікіх прафесіяналаў школьнік трапіў выпадкова.

Зараз Яну ўжо 11 - прэм'ера мультфільма адбылася 2 гады назад. За гэты час "Калабок" паглядзелі больш  як 30 мільёнаў чалавек. Зрэшты, галоўнае не лічбы. А тое, што новую старую казку палюбілі.

Пасля ўдалай анімацыйнай карціны ў аўтараў  узнікла  ідэя зрабіць працяг -  цэлы серыял пра Калабка. 6 выпускаў у 3Д. Будучы сюжэт пакуль ніхто не раскрывае. Вядома толькі, што ў Калабка з'явяцца сябры. Зараз аніматары працуюць над гэтымі персанажамі. Вось так будзе выглядаць "Зайка", так - "Мядзведзь". Калі ўсё атрымаецца,  то ўжо ў лютым гледачы змогуць убачыць першую серыю з удзелам у тым ліку і новых герояў.