Сёння ў Мінску на першы прагон сабраліся канкурсанты Славянскага базару

8 июля 2013

Пакуль у беларускую сталіцу прыехалі толькі сямнаццаць удзельнікаў, яшчэ чацвёра з'явяцца з дня на дзень.

Якія перавагі ў прадстаўніка Беларусі, цікавілася Наталля Кезік.


Збіў не адну каструлю і зламаў не адну лыжку, пакуль навучыўся акампанаваць сваім спевам. Пра тое, што Саша будзе выступаць на сцэне, бацькі зразумелі хутка пасля нараджэння. Аб спяваючым дзяцінстве зараз нагадваюць фотаздымкі - на іх хлопчык заўсёды спявае, а ў руцэ абавязкова імправізаваны мікрафон.


Шлях да музычнай кар'еры Аляксандра звычайны - разам з пачатковай школай хадзіў у музычную. Затым скончыў вучылішча імя Агінскага і адразу на конкурс маладых выканаўцаў у Маладзечна. Там саліст заваяваў Гран-пры. Сёлета атрымаў дыплом аб заканчэнні Універсітэта культуры. Да бліскучага багажу спевака засталося дадаць Славянскі базар. А затым яшчэ і свой сольны альбом.


Рэпетыцыя перад Віцебскам у Аляксандра не першая. Ён спрабаваў пакарыць віцебскі амфітэатр пяць гадоў таму. На спробу нумар два надзеі больш амбіцыйныя, таму Аляксандр Салаўёў прызнаўся, што на рэпетыцыі спяваў не ва ўвесь голас, каб для сапернікаў захаваць інтрыгу.


Сёння на першай рэпетыцыі канкурсанты спрабавалі спецца, каб артыст і аркестр былі адзіным цэлым. Дарэчы, у Мінск пакуль прыехалі толькі сямнаццаць канкурсантаў. Пасля рэпетыцыі ў распарадку дня сумесная вечарына. А заўтра з раніцы зноў трэніроўка галасавых звязак. І так да серады - пасля абеду яны разам адправяцца ў Віцебск.


Беларускага прадстаўніка на марожанае зараз не спакусяць нават спякотлівыя дзянькі. Ад гучных размоў малады артыст таксама адмаўляецца. Свае галасавыя звязкі зараз неабходна паберагчы, каб пакарыць амфітэатр Славянскага базару сваімі звонкімі салаўінымі спевамі.