Сёння стане вядомы пераможца дзіцячага "Еўрабачання". Падтрымаем Хелену Мерааі!

26 ноября 2017

Сёння стане вядомы пераможца дзіцячага "Еўрабачання". Прамая трансляцыя міжнароднага песеннага конкурсу пачнецца ў 18:00 на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Наш дэлегат Хелена Мерааі праспявае кампазіцыю "Я самая" пад нумарам 5. Упершыню ў гісторыі праекта ў кожнага з нас ёсць шанец падтрымаць юную выканаўцу. У гэтыя хвіліны на афіцыйным сайце конкурсу junior-eurovision.tv працягваецца галасаванне гледачоў.

Падрабязнасці з конкурснага Тбілісі - у рэпартажы Іны Пілевіч.

Хелена Мерааі лідзіруе ў галасаванні сайта для прыхільнікаў "Еўрабачання". У апытанні вядомага партала wiwibloggs.com наша прадстаўніца з вялікім адрывам абганяе сапернікаў. Разам з Беларуссю ў тройцы лідараў - прадстаўнікі Грузіі і Арменіі.

А тым часам працягваецца афіцыйнае галасаванне гледачоў на сайце www.junioreurovision.tv. Упершыню ў гісторыі праекта публіка выяўляе свае перавагі пры дапамозе Інтэрнэта, і кожны можа падтрымаць канкурсанта сваёй краіны. Для гэтага неабходна паглядзець кароткі ролік выступленняў усіх артыстаў і выбраць ад 3 да 5 фаварытаў шоу. Галасаванне будзе спынена перад пачаткам трансляцыі гала-канцэрта і адкрыецца зноў пасля таго, як выступяць усе канкурсанты, але толькі на 15 хвілін. Голас дзіцячага "Еўрабачання" вызначаць па выніках адзнак прафесійнага журы і тэлегледачоў. Іх меркаванне ўлічаць у працэнтных суадносінах 50 на 50. Дарэчы, суддзі выставілі свае балы яшчэ напярэдадні.

Сёння - ніякіх рэпетыцый. У Алімпійскі палац Тбілісі Хелена Мерааі разам з камандай адправіцца толькі ў другой палове дня. Гэтым вечарам наша прадстаўніца паднімецца на сцэну мінімум двойчы. Юная артыстка адкрые шоу - выканае партыю ў загалоўным хіце гала-канцэрта. А вось сваю конкурсную песню наш дэлегат будзе спяваць пад пятым нумарам. На подыуме, які верціцца, артыстка выканае кампазіцыю "Я самая". Калі назва апынецца прароцкай, у Хелены будзе магчымасць выканаць свой хіт на біс у фінале шоу.

Галоўны трафей дзіцячага "Еўрабачання" ўжо дастаўлены ў Алімпійскі палац Тбілісі. Трыумфатара 15-га міжнароднага песеннага конкурсу чакае шкляны мікрафон. Дарэчы, з гэтага года ўзнагарода стане адзінай. Такую ж узнагароду атрымае пераможца і наступнага дзіцячага "Еўрабачання", якое адбудзецца ў Мінску.