Сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння Валянціна Волкава

19 апреля 2016

Сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Валянціна Волкава. Ураджэнец расійскай глыбінкі стаў сапраўды нацыянальным аўтарам. Ён вядомы не толькі сваім грандыёзным палатном "Мінскю 3 ліпеня 1944 года", але і як стваральнік аднаго з сімвалаў дзяржаўнасці Беларусі - герба.

Тэлепартрэт мастака-легенды ў Наталлі Бардзілоўскай.

Так спачатку выглядаў эскіз беларускага герба. З чатырох мастакоў, якія напрыканцы 20-х гадоў ХХ стагоддзя прапанавалі свае варыянты сімвала дзяржаўнасці, з'езд дэпутатаў зацвердзіў менавіта работу Волкава. Зрэшты, па сямейным архіве мастацкай дынастыі Волкавых можна вывучаць усю "эвалюцыю" герба Беларусі: унук народнага мастака (сам мастак), кніжны графік Сяргей Волкаў узгадвае - дзед простым алоўкам асабіста ўносіў змяненні. Акрамя гэтага грунтоўнага заказа, даваенныя работы Волкава па пальцах можна пералічыць.

96 жывапісных і амаль 100 графічных работ Валянціна Волкава сёння захоўвае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Галоўныя два палатны калекцыі ў пастаяннай экспазіцыі залы сучаснага беларускага мастацтва (раздзел сацрэалізму): карціна "Вузаўцы" і самая вядомая "Мінск. 3 ліпеня 1944". Зрэшты, менавіта за гэтае прысвячэнне дню вызвалення беларускай сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Волкаў атрымаў званне народнага мастака Беларусі.

Гэты шэдэўр таксама па заказе. Першапачаткова задумваўся як унушальнае пано для Дома ўрада: два з паловай на пяць метраў. Напісанню Волкаў аддаў амаль 10 гадоў. Выпускнік Пецярбургскай мастацкай акадэміі, прыхільнік стылю Рэпіна і Сурыкава ад настаўнікаў Волкаў увабраў не толькі выяўленчыя традыцыі, але падыход да працэсу стварэння карціны.

У Маскве ў 50-х палатно "Мінск. 3 ліпеня" было прынята на ўра. У Волкава будуць яшчэ знакавыя работы: жывапісец напіша партрэты Горкага, Купалы. Прадстаўнік "суровага рэалізму" , ён шмат выкладаў у Віцебску і Мінску.

Сам Валянцін Волкаў са знакамітай дынастыі рускіх мастакоў - яго продкі былі іканапісцамі. Мастакамі сталі і яго нашчадкі - сын Анатоль і ўнук Сяргей.