Сёння спаўняецца 105 гадоў са дня нараджэння народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава

14 февраля 2019

У творчым зборы класіка рэалістычнага жывапісу больш за тысячу эцюдаў. Частка з іх выстаўлена ў Нацыянальным гістарычным музеі. Больш падрабязна - Лідзія Заблоцкая.

У яго працах тры стыхіі: зямля, вада і неба. Першыя ўражанні ад прыроды Павел Масленікаў пакідаў алеем у эцюдах. Краявідаў Палесся, Алтая і нават Дэлі - больш за паўсотні.

Свае рэалістычныя шэдэўры пісаў у вольны ад працы час. Выхадзец Магілёўшчыны яшчэ да вайны - мастак-пастаноўшчык Вялікага. Афармляў спектаклі і працаваў над эскізамі касцюмаў. Паралельна атрымліваючы элітную адукацыю ў Ленінградскім інстытуце жывапісу, пазней - у аспірантуры Акадэміі навук БССР.

У 60-ых, тады ўжо рэктар Акадэміі мастацтваў, адкрыў кафедры мастацтва- і тэатразнаўства. У свеце "арт" больш як паўстагоддзя. Імпрэсіяніст вучыў мастацкім рэаліям не толькі студэнтаў, але і сваіх дзяцей. Як вынік - знакамітая творчая дынастыя. Дачка - мастацтвазнаўца, сын - дацэнт Акадэміі мастацтваў, а ўнук - малады мастак.

Сёння імя Масленікава носіць мастацкі музей у Магілёве. Нездарма ў дар асабіста ад майстра - 150 карцін.

Спецыяльна да юбілею мастака даследчыкі двух нацыянальных музеяў - мастацкага і гістарычнага - падрыхтавалі вернісажы з лейтматывам малая радзіма. Астатнія працы ў захаванасці расійскіх музеяў і беларускіх фондаў.