Сёння 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Пімена Панчанкі

23 августа 2017

Пры жыцці ён быў адным з самых прызнаных аўтараў і шмат выдаваўся: больш за 35 паэтычных зборнікаў, мноства медалёў, ордэнаў, дзяржпрэміі Беларусі і СССР. Сёння 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Пімена Панчанкі.

Напрыканцы 90-х удава Пімена Панчанкі перадала Дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва ўнікальную сямейную падборку. Біяграфію, творчы шлях і нават характар народнага пісьменніка з гэтага часу можна вывучаць па дзвюх тысячах адзінак уласных рэчаў і рукапісаў. Пачатак калекцыі – арыгінал самага першага зборніка Панчанкі: "Упэўненасць", выданы ў 1938 годзе. 31 верш пра беларускія краявіды і стваральную сялянскую працу (Панчанка хоць і нарадзіўся ў Таліне, дзяцінства правеў у Бягомлі, вельмі даражыў простым вясковым жыццём). Сведкі пра настаўніцтва Панчанкі на даваеннай Магілёўшчыне. Знакі яго сустрэч з Купалам і Коласам у сталічным Доме літаратара. Потым - вайна. З Бранскага, Калінінскага і Паўночна-Заходняга франтоў Панчанка пісаў сябрам – вось лісты.

Вялікая Айчынная адкрыла ў Панчанку журналіста-газетчыка. З першых дзён вайны пісьменнік працаваў карэспандэнтам у такіх выданнях, як "За Савецкую Беларусь", "За свободную Беларусь", "Красноармейская правда" і "Раздавим фашистскую гадину". Палымяныя антыфашысцкія артыкулы і лістоўкі, востры сатырычны стыль. Паплечнікамі Панчанкі па барацьбе словам былі Крапіва, Глебка і Лынькоў.

Вайну Пімен Панчанка завяршыў... "Іранскім дзённікам". У 1944-1945 быў у складзе войскаў Чырвонай Арміі ў Азіі. Туга па радзіме. Разлука з Беларуссю будзе яшчэ ў 50-я – ёй прысвеціць цэлы зборнік.

Пасля вайны ў Панчанкі паспяховая пісьменніцкая, грамадская і нават палітычная кар’ера. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, старшыня Рэспубліканскага камітэта абароны міру. І ў вершах змагаецца з паказухай і прыстасавальніцтвам.

Без уласных адносін не можа быць нічога. Толькі калі пройдзе праз сэрца, боль і ўласныя перажыванні, толькі тады народзіцца паэзія.

Любімым паэтам Панчанка лічыў Маякоўскага. Яго перакладаў на беларускую мову. Нароўні з Шылерам, Святловым, Райнісам.