Рубрыка "Праменад" дапаможа вам выбраць культурны маршрут у выхадныя дні

14 января 2022

Казку Шчадрына ўжо заўтра дадуць на сцэне Вялікага. У суботняй афішы першы ў рэпертуары тэатра "Канёк-Гарбунок". А вынікамі керамічных пленэраў, планы якіх не пад сілу скарэкціраваць нават каранавірусу, дзеляцца ў галерэі Леаніда Шчамялёва. У экспазіцыі работы 17 аўтараў. Арт-дыяпазон - фальклор і міфалогія. На сольнік да ўласнага дня нараджэння запрашае заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі". Сустрэча прызначаная на сёння. Месца - Вялікая зала філармоніі. Паролямі іншых культурных маршрутаў дзелімся ў рубрыцы "Праменад".

Фотатэхніка з фондавых сховішчаў музея горада Мінска і ўласных калекцый

Як працуе здымачная апаратура з паметкай 19 і 20 стагоддзе, ведаюць у галерэі Савіцкага. Сабралі не толькі растыражаваныя рэды і лейкі. Калі хтосьці думаў, што фотаружжо - гэта прывід з мінулага, настаў час развітацца з міфам. Камера з рукаяткай існуе не толькі ў кіно. Ідэяй стварэння фотаснайпера мы абавязаныя французам. 

Стаць фатографам дарэвалюцыйнага Мінска або героем атэлье. Апорныя стойкі былі мастхэвам майстроў кадра, бо нават за працяглы час вытрымкі мадэль не павінна была апынуцца ў расфокусе. Як ад грувастскіх фотаапаратаў з мяхамі мы ішлі да лічбы, падкажуць камеры з беларускай, нямецкай і амерыканскай прапіскай. Знойдуцца і эксклюзівы мадэльнага рада. Гэта мікракамеры, тэхніка ў форме гадзіннікаў і фотаапараты для трохмернай здымкі. Рыхтуйцеся ацэньваць чорна-белыя сюжэты і праз стэрэаскоп. Аптычны прыбор для прагляду аб'ёмных кадраў - знаходка музейшчыкаў на адным з мінскіх гарышчаў. 

Зіма ў горадзе М

Пад апафеоз свят з фондаў у галерэйную прастору Савіцкага пераехалі паўсотні халодных пейзажаў. Мастацтва праз заслону снегападу фіксавалі ў жывапісе і графіцы. Галоўныя героі - гарадскія ландшафты Мінска і наваколля. Час дзеяння - з 60-ых да нашых дзён.

Калі вяртанне ў экспазіцыю магчымае толькі праз рукі рэстаўратара. Дзякуючы гранту Прэзідэнта Беларусі помнікі сакральнага мастацтва зноў занялі свае месцы ў залах гістарычнага музея. Другое жыццё духоўныя артэфакты атрымалі з лёгкай рукі Юліі Дранец. Нацыянальную шматканфесійнасць і талерантнасць у дрэве адраджалі на працягу года. 

Зноў у зале старажытнай гісторыі сакральныя прадметы праваслаўнага і каталіцкага храмаў, уніяцтва. Пазбавіліся пашкоджанняў часу, але захавалі аўтэнтычнасць царскія вароты і скульптуры біблейскіх персанажаў. Гістарычны ў новым сезоне гатовы і да міжнародных дыскусій. Вяртанню страчаных каштоўнасцей быць!

Пра рэнесанс і яго аўтарытэт у сучасным жывапісе дыскуціруюць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Экспазіцыйная прастора ў распараджэнні паслядоўнікаў Рафаэля Санці. Знойдзем і інтэрпрэтацыю гісторыі 12-ці апосталаў у велікодна-чырвонай гаме. Прэм'еру серыі, прысвечанай адвечнаму сюжэту ў дзве тысячы год, прымала рымская базіліка. Пачынаць прагляд з апошняй вячэры. Квэст ад аўтара адрозніць рукі Іуды ад рук Хрыста.

Не толькі напаўненнем новых апартаментаў і музычнымі вечарамі жыве Нацыянальны мастацкі музей. У нядзелю анансуюць тэт-а-тэт з аўтарамі, якія пачалі мяняць арт-прастору яшчэ ў 80-ых. Чакаем і новую “Спячую прыгажуню” ад Вялікага. Спектакль на музыку Чайкоўскага з мастацкім почыркам Валянціна Елізар'ева ўбачым у афішы да Дня тэатра. Такім быў арт-дайджаст гэтага тыдня. Сачыце за навінамі ў рубрыцы "Праменад" кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.