Рубрыка "Праменад" падрыхтавала культурны маршрут для першых вясновых выхадных

1 марта 2024

Купалаўскі першым гукае вясну. Але сёння на акадэмічнай сцэне - незвычайная трупа. Не па канонах і афіша Тэатра беларускай драматургіі. Каму - асабістае прысвячэнне? І дачакаліся! Сусветныя прэм'еры будуць гучаць сёння са сцэны Белдзяржфілармоніі. А са сцен Цэнтра сучасных мастацтваў - усмешка міру замест праектара!

Прэм'ерны культурны маршрут - зараз у эфіры. Лідзія Заблоцкая запрашае на "Праменад".

Усё будзе "Харошкі" гэтай вясною! Легендарны тэатр танца, якому паўвека, сёння і заўтра дае канцэрт у тэатры. Купалаўскім. Будзе адсюль гукаць цеплыню! Харэаграфічны ДАСТ праз тэматычны вясенні фальклор.

Аднойчы мастачка танца Гаявая праехалася па вёсках і ўбачыла, як мясцовыя жыхары паводзяць сябе не пастановачна. Як у звычайныя працоўныя альбо выхадныя дні сустракаюць вясну.

Праграма - бестселер! Паўнавартасны спектакль праз пластыку. І песні. У якіх - нацыянальны код.

Тэатры, адказныя за "Канцэнтрацыю" вясны ў горадзе і якасныя спектаклі ў афішах. Менавіта ім РТБД прысвяціў цэлы тыдзень. "Камень дурасці" коціцца сёння, але "канцэнтравацца" тут будуць яшчэ тры дні.

Тэатры расійскія прысвяцілі некалькі спектакляў касманаўту Гагарыну. Мы ж пакуль можам глядзець на яго ўсмешкі. Я не памылілася. Сто ўсмешак Гагарына, якія сталі галоўным аргументам супраць халоднай вайны праз сцены Цэнтра сучасных мастацтваў зараз.

Ініцыятыва Міністэрства замежных спраў Беларусі - запусціць па свеце марафон збору "ўсмешлівых" фота і малюнкаў. Так, Мінск стаў своеасаблівай міжнароднай касмічнай станцыяй і аб'яднаў 36 краін у адным арт-праекце. Станоўча адрэагавалі ў Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі і Амерыцы.

Цэнтр трэці раз прыняў удзел калабарацыі з музеем-запаведнікам Юрыя Гагарына. Яго спецыялісты даставілі малавядомыя фота з замежных паездак "амбасадара свету" і ўнікальны асабісты архіў. Так галерэя адзначае 90-годдзе першага касманаўта планеты.
  

Напрыканцы культмаршруту - клічнік! Яго ставім у Белдзяржфілармоніі. Сёння з галоўнай сцэны - нібыта той палёт Гагарына ў космас - прагучаць Сусветныя прэм'еры! З беларускім акцэнтам. Два музычныя шэдэўры - у адзін філарманічны вечар! Падзея для беларускай харавой школы, якую чакалі год! Сачыненні кампазітараў - Алега Хадоскі і Алены Атрашкевіч прагучаць галасамі легендарнай капэлы імя Шырмы.


Першай пачуюць свежую паэторыю ад старшыні Беларускага саюза кампазітараў на словы філосафа Амара Хаяма.