Рубрыка "Праменад"

23 января 2015

Сучасная “Чайка” паводле Чэхава, модныя шрыфты з розных краін свету, канцэрты і выставы. Сёння пятніца, а гэта значыць час планаваць выхадныя. Якая культурная праграма чакае мінчан? Раскажа Ларыса Гулякевіч.

Надышоў час падумаць пра выхадныя, якія ў гэтыя зімовыя дні хочацца правесці карысна, змястоўна і культурна. Вялікі тэатр Беларусі у нядзелю запрашае на цудоўны балет “Жар-птушка” Ігара Стравінскага. Перад пачаткам спектакля маленькіх аматараў балета чакаюць казачныя героі.

У сваім 82-м тэатральным сезоне Вялікі тэатр пашырае забаўную праграму для маленькіх. У рамках праекта «Вялікі тэатр - дзецям» на прэм’ерны паказ балета “Жар–птушка” з “Рускіх сезонаў” Сяргея Дзягілева запрашаюць героі дзіцячых казак. Пачатак інтэрактыўнай праграмы ў 11:15 у фае тэатра. У гэту ж нядзелю ўвечары для больш дарослай публікі - два балеты з Дзягілеўскайга куфэрка “Жар-птушка” Ігара Стравінскага і “Шэхеразада” Рымскага–Корсакава.

А які ў вас почырк? Як часта вы пішаце ад рукі, выводзіце каліграфічныя літары? Ці больш за ўсё друкуеце на камп’ютары, планшэце, зразумела, у тэлефоне?

Мастацкая галерэя “Універсітэт культуры” адкрывае выставу, на якой экспануюцца выдатныя прыклады шрыфтавога дызайну і тыпаграфікі, сабраныя з усяго свету.

Type Directors Club (TDC) – міжнародная арганізацыя, гісторыя якой пачалася ў 1943 годзе. У той час у рэкламных агенцтвах са шрыфтам працавалі альбо тыя, хто яго распрацоўваў, альбо арт-дырэктары.

Сёння, праз 72 гады, арганізацыя ператварылася ў міжнародную асацыяцыю, сябрамі якой з’яўляюцца спецыялісты з 34 краін.

Кніжныя і перыядычныя выданні, плакат, рэклама і ўпакоўка, а таксама лепшыя наборныя шрыфты, спраектаваныя за мінулы год, – усё гэта будзе ўпершыню на Беларусі.

Новы спектакль “Чэхаў, камедыя, чайка” зусім не падобны на класічную пастаноўку паводле Чэхава. Тут разбураюцца тэатральныя ілюзіі, стэрэатыпы, а аўтар Антон Паўлавіч – паўстае ў сучасным выглядзе.

Прэм’ерная пастаноўка ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры ў гэту суботу. Рэжысёр Іскандэр Сакаеў па-новаму перачытаў і паставіў “Чайку” Чэхава. Артысты не іграюць прапанаваную п’есу, а самі гуляюць з п’есай. Аднак старое, добрае, вечнае застаецца.

Уся калекцыя жывапісу Леаніда Шчамялёва адкрываецца ў яго галерэі на праспекце Ракасоўскага. Шчамялёўскія зімы даўно сталі своеасаблівым брэндам народнага мастака Беларусі і яго ўменнем працаваць са снежнай палітрай.

Да дня нараджэння найбуйнейшага майстра беларускага жывапісу, жывога класіка, народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва прымеркавана выстава “Белае сонца блакітнай зімы”. Так называецца адно з вядомых палотнаў мастака. Акрамя зімніх пейзажаў у галерэі дэманструюцца самыя розныя жывапісныя жанры – нацюрморты, партрэты, тэматычныя карціны.

Не забудзьцеся ўсе Таццяны і ўсе студэнты - у нядзелю ваша свята. На Таццянін дзень па-свойму Нацыянальны мастацкі музей запрашае на канцэрт музыкантаў, якія прапануюць такія музычныя напрамкі як фанк, рок-н-рол і інструментальны транс. Тут жа у музеі адкрылася новая выстава беларускай мастачкі Ілоны Касабукі. Прыемна вам бавіць час.