Прайшоў другі тур Нацыянальнага радыёконкурсу Маладыя таленты Беларусі

21 ноября 2014

У Доме беларускага радыё прайшоў другі тур Нацыянальнага радыёконкурсу Маладыя таленты Беларусі.


Толькі інструментальная музыка і жывое выкананне кампазіцый канкурсантамі... Сёння ў студыі Дома беларускага радыё прайшоў другі тур Нацыянальнага радыёконкурсу Маладыя таленты Беларусі. За званне лепшых выканаўцаў інструментальнай музыкі змагаліся больш як тры дзясяткі ўдзельнікаў, прычым розных узростаў. Усяго ж арганізатары сёлета атрымалі паўсотні заявак на ўдзел у гэтай намінацыі. На праслухоўванні пабывала і Наталля Тарасюк.


У такім складзе яны іграюць разам два гады. І амаль паўтара пайшло на падрыхтоўку да конкурсу Маладыя таленты Беларусі. Выхаванцы сталічнай дзіцячай музычнай школы кажуць, што паспелі стаць сапраўднымі сябрамі і свой далейшы шлях маюць намер звязаць з музыкай.


Вальсы Шапэна і Свірыдава гэтыя дзяўчаты іграюць ў чатыры рукі. І прызнаюцца, што рыхтаваліся да конкурсу не шкадуючы сіл. Каб выдатна выступіць, праводзілі за фартэпіяна па тры гадзіны кожны дзень.


А вось музычнае трыа з Дзяржынска выканала праграму для флейты з фартэпіяна. Іх ансамбль не раз перамагаў на міжнародных конкурсах у Расіі, Польшчы, але цяпер вырашылі заваяваць і беларускае журы.


У другі тур чацвёртага радыёконкурса Маладыя таленты Беларусі прайшлі 35 выканаўцаў інструментальнай музыкі. Большасць з іх падрыхтавала сольныя творчыя нумары, астатнія - калектывы.


Перад конкурсам - невялікая рэпетыцыя, затым удзельнікі выконваюць па дзве кампазіцыі. Цымбалы, баян, скрыпка, саксафон, флейта, фартэпіяна - маладыя таленты асвойваюць многія музычныя інструменты. Варта адзначыць, што падчас выступлення ў студыі прысутнічалі не толькі самі ўдзельнікі і журы, але і іншыя канкурсанты, а таксама іх выкладчыкі музыкі і бацькі.


Тыя, каму пашчасціла стаць лепшымі сёння, у найбліжэйшыя выхадныя адпачываць не будуць. Ізноў рэпетыцыі, каб адшліфаваць кожную нотку. Яны выканаюць свій нумар на біс яшчэ раз у бліжэйшы аўторак. На 25 лістапада прызначаны трэці тур нацыянальнага конкурсу.