X-Factor зараз і ў Беларусі: Белтэлерадыёкампанія аб'яўляе кастынг на тэлешоў

27 января 2020
X-Factor запаліць новыя зоркі нацыянальнага шоу-бізнесу. Уладальнікам  правоў на гэты праект на тэрыторыі нашай краіны стала Белтэлерадыёкампанія. Медыяхолдынг ужо пачаў рэалізацыю шоу. Напярэдадні ў Мінск прыляцеў выканаўчы прадзюсар X-Factor і ўжо сёння пачаў працаваць з нашай камандай. Як праходзіць падрыхтоўка да эфіру гучнага тэлепраекта, раскажа Іна Пілевіч. 

Калі раней у пошуках славы нашы артысты адпраўляліся за мяжу, то зараз можна абысціся без вакальнага турызму. Стаць зоркай рэальна дома. Самае папулярнае вакальнае талент-шоу свету  зараз у Беларусі. X-Factor  ужо ў гэтым тэлевізійным сезоне адкрые публіцы новыя імёны. Белтэлерадыёкампанія набыла франшызу ў брытанскіх праваўладальнікаў. 

Ідэя шукаць і дапамагаць раскрыцца талентам пад прыцэлам тэлекамер прыйшла англійскаму прадзюсару Сайману Коўэлу 16 гадоў таму. Задумка настолькі спадабалася гледачам, што на сёння праект рэалізавалі ў 56 краінах свету. Яго глядзяць у Даніі, Італіі, Венгрыі, Аўстраліі, Японіі, Інданезіі. Толькі ў тэлевізійным эфіры за шоу сачылі больш  як 500  мільёнаў чалавек. У інтэрнэце ж аўдыторыя ў X-Factor яшчэ большая. Ролікі кожнага выпуску рэгулярна трапляюць ва ўкладкі "Трэнды" на YouTube.

Напярэдадні з Лондана ў Мінск прыляцеў выканаўчы прадзюсар шоу Джонатан Булен. Ён зрабіў сабе імя ў тэлевізійнай індустрыі не толькі на паспяховых сезонах X-Factor. Працаваў над такімі рэйтынгавымі праектамі, як "Хто хоча стаць мільянерам", "Шоу Шэран Осбарн", "Брытанія шукае таленты". Сёння ён упершыню сустрэўся з камандай Белтэлерадыёкампаніі. Разам абмяркоўваюць усе нюансы і тонкасці арганізацыі праграмы - ад правядзення кастынгу да лагістыкі і тэхнічных аспектаў. 

Шоу выйдзе ў эфір восенню, але ўвесь гэты час каманда праекта будзе весці актыўную падрыхтоўку да эфіру. Белтэлерадыёкампанія аб'яўляе нацыянальны кастынг. X-Factor адправіцца ў тур па краіне ўжо ў сакавіку. У планах наведаць не менш за 12 гарадоў, а таксама правесці праслухоўванне ў сталіцы. Прэтэндэнтаў будуць ацэньваць у  чатырох катэгорыях – дзяўчаты і  хлопцы ад 16 да 24 гадоў, удзельнікі, старэйшыя за  25 гадоў, а таксама вакальныя калектывы.

Суддзям трэба будзе вызначыць прэтэндэнтаў, якія адправяцца ў "трэніровачны лагер". Там яны разам будуць весці падрыхтоўку да тэлеканцэртаў. Хто ж зойме судзейскае крэсла, пакуль інтрыга. Дарэчы, настаўнікі пераможцу не выбіраюць. Толькі гледачы сваімі галасамі вызначаць уладальніка таго самага  ікс-фактару.