Прэзідэнцкі аркестр удастоены звання "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь"

4 марта 2015

Больш за пяцьсот вялікіх канцэртаў, дзясятак буйных тураў па Беларусі і гастрольныя маршруты па ўсім свеце. Прэзідэнцкі аркестр удастоены звання "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь". Гэты ганаровы статус прысвоены артыстам за дасягненні ў музычным мастацтве і значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры. Афіцыйная цырымонія яшчэ наперадзе, але музыканты ўжо поўныя эмоцый.

Расказвае Наталля Бардзілоўская. Статуснасць у іх была першапачаткова: створаны 12 гадоў таму калектыў маладых і таленавітых музыкантаў з моманту заснавання суправаджае ўсе галоўныя дзяржаўныя цырыманіялы. Але дзейнасць аркестра не абмяжоўваецца пратакольнымі мерапрыемствамі. Музыканты - адны з самых гастралюючых і сусветныя зоркі - становяцца літаральна ў чаргу, каб сыграць разам з імі.

З Мішэлем Легранам яны выконвалі джаз, са "Скорпіянс" - рок, пад Брэгавіча асвоілі цыганскія матывы і акампаніравалі рускім рамансам Дзмітрыя Хварастоўскага. Графік сваіх візітаў у Беларусь замежныя выканаўцы даўно ўзгадняюць з рабочым рэжымам Прэзідэнцкага аркестра, які ўсяго толькі за нейкі дзясятак гадоў набыў рэпутацыю прафесійнага і надзейнага партнёра.

Крэдыт даверу маладому беларускаму калектыву выдадзены ад Еўропы да Амерыкі. Гастрольныя маршруты аркестра - ад Расіі да Венесуэлы, ад Польшчы да Блізкага Усходу. У гасцях музыканты выконваюць нацыянальны рэпертуар, і любыя партытуры народаў свету ім таксама пад сілу. Бязмежны дыяпазон жанраў, стыляў і агучаных музычных эпох - візітная картка Прэзідэнцкага аркестра.

На афіцыйных мерапрыемствах яны ў чорна-белым, на святочных - у серабрыста-шэрым і сінім. Строгі дрэс-код пад дзяржаўны пратакол. Нават па колеры нотных папак чытаецца рэпертуар. 15 лістапада 2002 года калектыў і быў створаны як спецыяльны суправаджальнік афіцыйных мерапрыемстваў. Ад "Дажынак" да ўручэння дзяржаўных прэмій і акампанементу візітам кіраўнікоў дзяржаў – у папках музыкантаў гімны, маршы, фанфары і… "Купалінка", якая выручае заўсёды!

У касцяку аркестра тыя, хто пачынаў яго ствараць з першых дзён. Дарэчы, тут пачынала першай скрыпкай Маймуна - наш дэлегат на "Еўрабачанне", а праекце да юбілею Перамогі на сцэну разам з кампазітарам Валерыем Галаўко выйдзе знакаміты Тэа.