Прэм'ерай спектакля "Мая Беларусь" адкрыўся новы сезон тэатра аднаго акцёра "Зніч"

11 сентября 2018

Літаратурны монаспектакль аб радзіме. Галоўны рэдактар дзіцячага часопіса "Вясёлка" пісьменнік Уладзімір Ліпскі падрыхтаваў тэатральную пастаноўку, дзе выканаў галоўную ролю. У аснову спектакля "Мая Беларусь" пакладзены твор самога аўтара. У Год малой радзімы празаік расказаў аб успамінах дзяцінства, ваенным часе і разуменні сучаснай Беларусі. Прэм'ерны паказ спектакля "Мая Беларусь" адкрыў новы сезон беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра "Зніч".

Уладзімір Ліпскі, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса "Вясёлка": "Стагодзямі чалавек выхоўваўся на літаратурным мастацкім слове, якое выходзіць з душы пісьменніка. І гэтым самым мне хацелася б паказаць: давайце выходзіць на малыя і вялікія сцэны са сваім мастацкім словам і будзем уносіць свой унесак у выхаванне сённяшняй моладзі".

У спектаклі гучыць музыка беларускіх кампазітараў. Пастаноўка "Мая Беларусь" застанецца ў рэпертуарнай афішы тэатра "Зніч". Яе таксама плануюць паказаць і ў абласных цэнтрах Беларусі.