Наваполацк адзначае 60-гадовы юбілей

9 июня 2018

Урачыстая і святочная атмасфера сёння пануе і ў Наваполацку. Адзін з самых маладых гарадоў Беларусі адзначае юбілей - 60 гадоў. А пачалося ўсё з будаўніцтва нафтаперапрацоўчага завода. Летам 58-га на левым беразе Заходняй Дзвіны з'явіліся палаткі першых будаўнікоў-энтузіястаў. І зусім хутка будоўля набыла неверагодны размах. За пяць гадоў на месцы трох дзясяткаў вёсак вырас горад. "За сваю кароткую гісторыю ён паспеў выхаваць працоўныя дынастыі, падрыхтаваць алімпійскіх чэмпіёнаў, раскрыць таленты вядомых дзеячаў культуры і мастацтва", - гаворыцца ў віншаванні з юбілеем Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі жыхарам горада. "За гэтыя гады невялікі моладзевы пасёлак, дзякуючы карпатлівай і сумленнай працы жыхароў, ператварыўся ў буйны прамысловы і культурны цэнтр, які мае магутны эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял. Яго гісторыя слаўнымі справамі ўжо ўпісана ў біяграфію незалежнай Беларусі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

60-годдзе Наваполацк адзначае з размахам. Жыхары сёння выйшлі на маштабнае шэсце, дзе прадэманстравалі апошнія дасягненні. А найважнейшыя этапы станаўлення сабралі ў стылізаванай калоне.

Аб горадзе з багатай гісторыяй і культурай - Марына Раманоўская.

У 2018 годзе Наваполацк удастоены ганаровага звання Культурнай сталіцы Беларусі. Малады горад вядомы шматлікімі творчымі праектамі. Конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні, свята нацыянальнай культуры, пленар-конкурс юных мастакоў. Дзень горада - выдатная магчымасць убачыць адразу ўсю культурную палітру Наваполацка.

Адным з падарункаў гараджанам стала галерэя пад адкрытым небам. Рэпрадукцыі карцін з фондаў музея гісторыі і культуры Наваполацка расказваюць гісторыю нараджэння сучаснага горада.

Усесаюзная будоўля аб'яднала вялізную колькасць будаўнікоў, інжынераў, рабочых. Людзі прыязджалі і сяліліся ў вагончыках і палатках. За пяць гадоў на месцы трох дзясяткаў вёсак вырас горад.

Ірына Скіжонак, галоўны захавальнік фондаў Музея гісторыі і культуры г. Наваполацка: "Калі была пушчана першая чарга нафтаперапрацоўчага завода і быў атрыманы першы беларускі бензін, пасёлак Полацкі атрымлівае афіцыйную назву і становіцца горадам Наваполацкам".

Сучасны Наваполацк - гэта магутны прамысловы цэнтр. Тут пражываюць больш як 100 тысяч чалавек. Сярэдні ўзрост жыхароў маладога горада каля сарака гадоў. І нават назва цэнтральнай вуліцы Наваполацка сімвалічная. Сёння ў гонар дня нараджэння горада па Моладзевай пракрочыла шматтысячная калона.

Яўген Сальнючэнка, ганаровы грамадзянін г. Наваполацка (жыхар г. Масквы): "Цудоўны горад, цудоўныя людзі. Я іх усіх паважаю. Колькі буду жыць, буду прыязджаць, буду заўсёды рады сустрэчы з Наваполацкам".

Наталля Качанава, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Прыехаўшы сюды, я сустрэла тых, з кім працавала, тых, хто стаяў ля вытокаў гэтага горада і будаўніцтва нафтаперапрацоўчага завода. Я проста рада і шчасліва, што тут такое цудоўнае свята. І што людзі шануюць і любяць свой горад".

Выставы, спартыўныя спаборніцтвы, песенна-лірычны марафон. Наваполацк жыве святам увесь тыдзень. Але сёння афіша максімальна насычаная. Урачыстая цырымонія адкрыцця адбылася на плошчы Будаўнікоў, падчас якой Наталля Качанава зачытала вітальны адрас Прэзідэнта Беларусі жыхарам і гасцям Наваполацка з нагоды 60-годдзя са дня стварэння горада.

Наваполацк за сваю кароткую гісторыю ўжо паспеў выхаваць працоўныя дынастыі, падрыхтаваць алімпійскіх чэмпіёнаў, раскрыць таленты вядомых дзеячаў культуры і мастацтва. Неацэнны яго ўклад і ў эканамічную бяспеку краіны

На галоўнай плошчы Наваполацка апладысменты прагучалі ў адрас гараджан, якія праслаўляюць малады горад сваёй працай і добрымі справамі. Сярод іх і шматдзетная мама Аксана Вартанава. Сёння яе святочны ўбор упрыгожыў ордэн Маці.

Аксана Вартанава, кавалер ордэна Маці, жыхарка г. Наваполацка: "Вучу, каб дзеці адставілі свой след, уклад, каб пражылі гэтае жыццё нездарма, ярка пражылі!"

Дзмітрый Дзямідаў, старшыня Наваполацкага гарвыканкама: "Горад - гэта яго людзі. Тут сабраліся працавітыя, мэтанакіраваныя. Таму што толькі такія людзі маглі ў роўным полі стварыць такі выдатны горад і найбуйнейшы прамысловы цэнтр краіны".

Віншаванні Наваполацку і яго жыхарам гучаць і ад дэлегацый гарадоў-пабрацімаў. У маладога горада іх два дзясяткі.

Гэтымі хвілінамі на плошчы Будаўнікоў сабраліся тысячы навапалачан і гасцей горада. Тут праходзіць канцэрт з удзелам вядомых беларускіх выканаўцаў. Прыгожым завяршэннем суботы стане салют. А ўжо заўтра свята працягнецца. У афішы - культурна-спартыўныя мерапрыемствы, моладзевая дыскатэка, урачыстая цырымонія ўшаноўвання выпускнікоў, якія ў гонар свята падрыхтавалі творчы падарунак.