Першы паўфінал "Еўрабачання" ўжо сёння! Беларусь - пад восьмым нумарам

14 мая 2019

"Еўрабачанне-2019". Першы паўфінал з удзелам ЗЕНЫ ўжо сёння.

Сёння ў Тэль-Авіве пройдзе  першы паўфінал "Еўрабачання". Беларусь - пад восьмым нумарам! Нашу краіну на прэстыжным шоу прадстаўляе спявачка ЗЕНА з песняй "LIKE IT". Напярэдадні ўвечар падчас прагону свае балы выставіла нацыянальнае журы. Сёння артыстаў удзень чакае  апошняя генеральная рэпетыцыя, а ўжо ў 22:00 пачнецца конкурс, які ў прамым эфіры будуць трансляваць больш як паўсотні тэлекампаній. Аўдыторыя "Еўрабачання" летась перавысіла 200 мільёнаў чалавек. Дарэчы, беларусы сёння таксама змогуць аддаць свае галасы, але не за сваю прадстаўніцу. А вось прыхільнікі ЗЕНЫ або нашы суайчыннікі за мяжой атрымліваюць магчымасць выбраць удзельніка пад нумарам 8. Нумары тэлефонаў для галасавання будуць паказаныя падчас прамога эфіру шоу. У фінал патрапяць толькі 10 краін з 17 удзельнікаў першага паўфіналу. 

Каменціраваць шоу ў прамым эфіры будзе мой калега  Яўген Перлін. Трансляцыю глядзіце на тэлеканалах "Беларусь 1", "Беларусь 24", а таксама на сайце Белтэлерадыёкампаніі.