Першы беларускі тэатр на англійскай мове

15 августа 2015

Ніякага акцэнту і страху сцэны, нягледзячы на тое, што акцёрам ўсяго па 12 гадоў. Як незвычайная форма выкладання зрабіла дзяцей сапраўднымі артыстамі - даведалася наш карэспандэнт Юлія Грызунт.

 

6 гадоў таму Нэлі Бабак - настаўніца англійскай мовы - узяла першы клас дзяцей з парушэннямі маўлення. Замежная мова ім давалася цяжка, але ў гульнявой форме веды набываліся лепш. Настаўніца прыдумала цікавае выйсце - ставіць з класам невялікія сцэнкі. Спачатку ў межах групы, пасля - для ўсёй школы. Так урокі англійскай паступова сталі практычна тэатральным гуртком. Першай сапраўднай перамогай стаў фестываль “Адысея розуму”.

З тых часоў у школьнікаў было яшчэ шмат узнагарод. Прычым, у адрозненні ад многіх іншых каманд у іх няма ні грымёра, ні харэографа. Касцюмы шыюць бацькі, сцэнарыі піша настаўніца, а  апошнім часам і самі дзеці сталі прыносіць свае напрацоўкі. Нягледзячы на ўзрост, ставяцца да тэатра вельмі адказна, ды і хваляванне перад выступленнямі даўно прайшло.

У сваім першым спектаклі Кляменцій Калабанаў сыграў ролю нявыпаўшага зуба. І было гэта яшчэ у першым класе. З таго часу хлопчык ўжо паспеў пабываць і Томам Соерам, і першабытным чалавекам. Свой поспех тлумачыць тым, што тэксты імкнецца не проста вывучыць, а зразумець.

Зусім нядаўна менавіта тут, на сцэне Палаца Рэспублікі,  юныя артысты атрымалі ўзнагароду міжнароднага ўзроўню. На фестывалі "Скрыжаванні" мінскі школьны тэатр на англійскай мове прызналі лепшым сярод 4000 удзельнікаў. Дарэчы, за мяжой маладыя акцёры таксама паспелі атрымаць прызнанне.

Месяц таму з чарговага тэатральнага фэсту ў Іспаніі юныя беларускія артысты прывезлі дадому серабро. Наперадзе - Верхняя Саксонія і праект "Сустрэчы на Эльбе". У ім беларусы не ўдзельнічалі ўжо 12 гадоў, а таму, кажуць ўдзельнікі тэатральнага гурту, адказнасць двайная. І дадаюць: зробяць ўсё магчымае і нават немагчымае, каб праз мастацтва на англійскай мове прэзентаваць культуру беларускую.