"Ноч музеяў" ахопіць больш за 70 культурных кластараў краіны

18 мая 2019

Сёння мастацтва не будзе падладжвацца пад час працы. Міжнародная "Ноч музеяў" ахопіць больш за 70 культурных кластараў краіны. Дарэчы, акцыі ўжо 22 гады, афіцыйна ініцыяваў яе Берлін. На гэты раз беларускія арт-прасторы распрацавалі новыя інтэрактыўныя праграмы. Калідоры Нацыянальнага гістарычнага стануць моднымі подыумамі - акцэнт на калекцыі Аляксандра Васільева. А Нацыянальны мастацкі прапаноўвае знайсці сваё шостае пачуццё. Экспрэсіўныя скульптуры, спартыўныя палотны, эксперыментальны тэатр і падарожжа ў віртуальную рэальнасць. Прама з прасторы можна перанесціся ў Эрмітаж.

Упершыню не плануе спаць і Купалаўскі тэатр. У фармаце экспазіцыі - касцюмерны цэх і закуліссе. А тэатральную функцыю возьмуць на сябе Мірскі і Нясвіжскі замкі. Так, у Міры "Хрыстос прызямліцца ў Гародні", а Нясвіж наведае апошні кароль Рэчы паспалітай Станіслаў II Аўгуст.