Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі адкрыў 28-ы музычны сезон

19 августа 2014

Дата не круглая, але менавіта сёлета маэстра Міхаіл Фінберг адзначае 50-годдзе творчай дзейнасці. Пра сакрэты высокага прафесійнага ўзроўню і даўгалецця музычнай каманды народнага артыста рэпартаж Ларысы Гулякевіч.


Першая рэпетыцыя пасля летняга водпуску ў новым, 28-м музычным сезоне. Толькі адгрымеў Міжнародны фестываль мастацтваў Славянскі базар у Віцебску, а ў планах ужо новыя конкурсы выканаўцаў эстраднай песні, новыя канцэртныя праграмы: эстрадныя, джазавыя, старадаўняй музыкі.


Тут усе спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, званнямі, імёнамі. Музыканты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі кожны год праходзяць своеасаблівую пераэкзаменоўку - пацвярджаюць свой прафесійны статус.


Тут не толькі выхоўваюцца эстрадныя вакальныя зоркі, тут яшчэ не забываюцца пра беларускіх музыкантаў, кампазітараў і паэтаў ад Сярэднявякоўя да нашых дзён. Паднімаюцца нотныя партытуры XVI-XIX стагоддзяў, вершы беларускіх класікаў кладуцца на сучасную музыку.


Больш як чвэрць стагоддзя музычная каманда маэстра Міхаіла Фінберга прадстаўляе нашу краіну. Сакрэт поспеху просты: прафесіяналізм, дысцыпліна, дружны калектыў і моцная, харызматычная асоба кіраўніка.


Сёлета народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг адзначае 50 гадоў творчай дзейнасці. У гэтыя паўстагоддзя ўваходзіць праца ў аркестры Беларускага радыё і тэлебачання пад кіраваннем Барыса Райскага, каля 20 гадоў было прысвечана аркестру Мінскага дзяржаўнага цырка. Сёння ідзе рэпетыцыя канцэртнага рэпертуару на 2016 год.