Нацыянальны гістарычны музей Беларусі прэзентаваў летапіс айчыннай валюты

30 июня 2016

Нараўне са старажытнымі манетамі і купюрамі тут выставілі і грашовыя знакі новага ўзору, якія ўвойдуць у абарачэнне ўжо заўтра. Гісторыя пра тое, чым плацілі беларусы на працягу двух тысяч гадоў, унікальная.

Іна Пілевіч - пра мяккае золата, талеры, дукаты і рублі.

Расплаціцца за пакупку шкуркаю, а на здачу атрымаць кіпцюры ды пысы. Першая мясцовая валюта зусім не шамацела, наадварот, была мяккай навобмацак. У так званы безманетны перыяд у якасці грошай нашы продкі выкарыстоўвалі вавёрчына футра. Апроч мяккага золата, у таварных адносінах былі задзейнічаныя буйная рагатая жывёла і нават ракавіны каўры.

Першыя манеты прыйшлі з Рымскай імперыі. А пасля дынарыяў былі талеры, дзірхамы, пенязі, дукаты. Нацыянальны гістарычны музей выстаўляе ўсе грашовыя адзінкі, якія хадзілі на нашых землях на працягу амаль двух тысяч гадоў. Спецыяльна для новай экспазіцыі выставачную залу перафарбавалі ў самы «валютны» колер – цёмна-зялёны.

Да з'яўлення банкаў беларусы хавалі зберажэнні ў бутэльках, гаршках, хустках і нават панчохах. Накапленні закопвалі ў зямлю. Нацыянальны гістарычны музей валодае найбуйнейшай у краіне калекцыяй скарбаў - ажно 117. Самы старажытны датуецца першым - другім стагоддзямі нашай эры. Скарб грэка-рымскіх манет, знойдзены ў Брэсцкай вобласці ў 1993, - каштоўнасць як нацыянальнага, так і сусветнага маштабу. Дарэчы, расплачвацца паперай мы пачалі толькі ў часы Рэчы Паспалітай. Але да купюр беларусы ставіліся з недаверам.

Людзі пачалі падрабляць грошы адразу ў момант іх з'яўлення. У свой час фальшываманетчыкаў не спыняла нават вышэйшая мера пакарання – смерць. Сёння наведвальнікам вернісажа прапаноўваецца праверыць сапраўднасць купюр. Кожны ахвотнік можа скарыстаць вось гэты дэтэктар банкнот – у прамым сэнсе прасвяціць усё, што у кашальку.

У багатай экспазіцыі 7 000 прадметаў. Апроч манет і купюр, паказаныя дакументы, якія расказваюць пра грашовыя рэформы. Выстаўленыя і прататыпы сучасных калькулятараў – арыфмометры. Хоць больш неабходны аксесуар для беларусаў зараз – манетніца. У пятніцу праз амаль 20 гадоў у абарачэнне вяртаецца метал.