Народнаму фальклорнаму калектыву "Жывіца" 30 гадоў

19 ноября 2020

Калектыў - пастаянны ўдзельнік усіх свят Смалявіцкага раёна. Дажынкі і зажынкі, Купалле і Каляды не абыходзяцца без каларытных песень ансамбля. Усе салісткі некалі пераехалі ў Мінскую вобласць з Палесся, і тут працягваюць традыцыі бабуль.

Каб даведацца, адкуль "Жывіца" атрымлівае натхненне, наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч адправілася ў вёску Барсукі.

Ніводнае раённае свята не абыходзіцца без "галоўных жнеек" Смалявіцкага раёна. Народны фальклорны ансамбль "Жывіца" склаўся 30 гадоў таму.

Асноўны касцяк салістак прыехаў сюды, у вёску Барсукі, яшчэ на пачатку 90-х з Палесся. У творчай скарбонцы свае мясцовыя песні, якія і склалі рэпертуар ансамбля з асаблівай манерай выканання.

У рэпертуары "Жывіцы" шмат абрадавых песень на ўваходзіны, Масленіцу, Каляды, Купалле.

Акрамя народных песень, сяброўкі-зямлячкі прывезлі і традыцыі дэкаратыўнага мастацтва Гомельскай вобласці. Кожная дзяўчына тых краёў абавязкова павінна была сама вышыць свой пасаг.

Тут, у Доме культуры вёскі Барсукі, рукадзельніцы стварылі невялічкі музей. У "Народную хату" кожны прынёс не толькі асабіста вышытыя і вязаныя творы але і работы, зробленыя рукамі іх матуль і бабуль.

Кожныя тры гады калектыў пацвярджае сваё ганаровае званне народнага. А зараз "Жывіца" рыхтуецца да новых сезонных свят і абнаўляе рэпертуар да юбілею.