Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель святкуе сваё 85-годдзе на сцэне

19 января 2024

Яе голасам заспявалі "Людзі на балоце" Турава, а многія народныя песні атрымалі другое жыццё. Яна і сёння як саўндтрэк тэатральнай прэм'еры прапанавала зрабіць "вясковыя" напевы сваёй мамы. Юбілей адзначае Таццяна Мархель. Народнай артыстцы Беларусі - 85! Этнічныя мелодыі, якія з дзяцінства чула ад мамы, сталі яе адметнай рысай, і зараз у афішы тэатра некалькі пастановак пад акампанемент народных напеваў па ўспамінах Таццяны Мархель. Яна нарадзілася ў цэнтральным рэгіёне - вёсачцы Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна, якая была спалена немцамі. Дзяцінства будучай народнай артысткі прыйшлося на ліхалецце ў Беларусі. Бацька загінуў пад Кёнігсбергам, а маці гадавала адна траіх дзяцей, адбудоўвала дом пасля вайны. Артысткі Мархель магло б і не быць: каб не хваляваць маму, юная Таццяна паступіла спачатку ў медыцынскае вучылішча, а пазней з першага разу ў медінстытут, пройдучы конкурс 25 чалавек на месца.

Яе тэатральны шлях быў звілістым. Служыла і ў Гродзенскім, і ў Магілёўскім драмтэатрах, нават у Казахстане, на сцэне Алмацінскага тэатра для дзяцей і юнацтва. Але знакавым для артысткі стаў Віцебскі тэатр імя Якуба Коласа, там яна працавала 16 гадоў. У сталіцы першым прыняў Тэатр-студыя кінаакцёра. 20 гадоў Таццяна Мархель працуе ў Тэатры беларускай драматургіі. У трупе яна адзіная народная артыстка.

Яна ўвасобіла дзясяткі роляў як у кіно, так і ў тэатры. У свой юбілей яна таксама на сцэне, яшчэ і з прэм'ерай. З гэтага дня ў афішы Тэатра беларускай драматургіі  "Вечар" па Дудараве. У жанры "гутаркі ля студні" яна ў галоўнай, такой роднай, ролі - вясковай жанчыны, а ў якасці музычнага суправаджэння - маміны песні.