Напярэдадні адкрыцця новай выставы Ганна Сілівончык падзялілася творчымі сакрэтамі

20 ноября 2019
Яе карціны ўпрыгожваюць вітрыны і медыцынскія цэнтры, а выставачныя прасторы з экспазіцыямі збіраюць поўныя залы наведвальнікаў. Вядомая беларуская мастачка Ганна Сілівончык напярэдадні адкрыцця новай выставы  падзялілася творчымі сакрэтамі з нашым карэспандэнтам Ларысай Гулякевіч.

У яе творчасці пераплецены і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, і мастацтва прымітывізму пачатку XX стагоддзя. Імя Ганны Сілівончык асацыіруецца з пазітыўным казачным светам, яркімі колерамі і самабытным аўтарскім стылем. 

Па сюжэце менавіта яе карцін былі аформлены вітрыны аднаго з буйных універмагаў сталіцы. Маркетолагі ацанілі аўтарскае мастацкае мысленне ў прасторы, што і прыцягнула ўвагу пакупнікоў.

А айчынныя медыкі абралі карціны Ганны Сілівончык для арт-тэрапіі. Гэта не толькі сам працэс малявання карцін, а тыя пачуцці, якія чалавек перажывае пры сузіранні пазітыўных выяў. Не сакрэт, што палотны сусветных мастакоў выклікаюць у нас трапяткія эмоцыі і хваляванні.

Інсталяцыі - новае захапленне Ганны Сілівончык. Яе муж - вядомы беларускі пейзажыст Васіль Пяшкун  - дапамагае сваёй музе ва ўвасабленні творчых мар.

Ганна працягвае мастацкія традыцыі беларускага фальклору, але робіць гэта па-свойму. Часам даволі эпатажна, па-сучаснаму востра.

Спалучаць неспалучальнае - любімы эклектычны стыль Ганны. Новая выстава інсталяцый адкрыецца 28 кастрычніка ў Палацы мастацтваў, а героі калядных казак з яе карцін зноў паселяцца ў гарадскіх вітрынах перад Новым годам.