Над Кальвінскім саборам у пасёлку Першамайск навісла пагроза разбурэння

2 июня 2015

Яго сцены захоўваюць памяць пра асветніка Сымона Буднага і яркіх прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў і Завішаў. Унікальны помнік рэнесансу 16 стагоддзя - Кальвінскі сабор у пасёлку Першамайск знаходзіцца далёка не ў першародным выглядзе, больш за тое, над ім навісла пагроза разбурэння. І хоць гэты шэдэўр залічаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны, працэс яго рэстаўрацыі дагэтуль на нулявой адзнацы.

Чаму – даведвалася Іна Пілевіч.

5 стагоддзяў таму сюды на баль на карэтах з’язджалася шляхта Вялікага Княства Літоўскага. Былая сядзіба магнацкага роду Завішаў сёння - тэрыторыя Уздзенскага сельскагаспадарчага ліцэя. Ад некалі радавога маёнтка захаваліся рэшткі палацавага ансамбля і кальвінскі збор - адзін з найстарэйшых помнікаў Беларусі. Такіх пратэстанцкіх храмаў да нашага дня дайшло ўсяго шэсць.

У свой час святыня была цэнтрам рэфармацыі. Менавіта тут асветнік Сымон Будны дапрацаваў пераклад Бібліі. А ўжо ў каталіцкім статусе напачатку 20-га стагоддзя ў храме быў пахаваны Мікалай Вацлаў Радзівіл. Апошняя гаспадыня маёнтка Магдалена Радзівіл выехала адсюль пасля першай сусветнай вайны. У савецкі час храм выкарыстоўваўся ў зусім нерэлігійных мэтах, крыпту разрабавалі, у храме наладзілі саўгас, затым машынна-трактарную станцыю, пасля - электрычную падстанцыю.

Кальвінскі збор ў Кухцічах быў уключаны ў каталог міжнароднага фонду “Помнікі свету”. У спісе – сотня аб’ектаў, якім пагражае разбурэнне. У лісце разам з беларускім храмам знаходзяцца такія сусветна вядомыя помнікі як Вялікая Кітайская сцяна і Даліна Фараонаў у Егіпце.

Архітэктурны шэдэўр занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі і знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Спецыялісты Міністэрства культуры ахарактарызавалі стан будынка як нездавальняючы і далі дазвол на правядзенне кансервацыйных работ. Згодна з пратаколам, гэты працэс павінен быць завершаны да верасня.

У сваю чаргу ўласнік храма - Уздзенскі сельскагаспадарчы ліцэй - пакуль не выканаў усе рэкамендацыі Мінкульта. Частку работ зрабілі сваімі сіламі - забілі вокны, накрылі часовы дах. А вось на астатняе не хапае грошай. Кансерваваць можа толькі рэстаўратар з прафесійнай ліцэнзіяй, паслугі якога каштуюць нятанна.

Дапамагчы захаваць кальвінскі храм выклікаліся валанцёры. Арганізатары фэсту экскурсаводаў адкрылі разліковы рахунак, на які можна пералічыць грошы. Пакуль суму сабралі настолькі мізэрную, што няварта яе называць. Хаця нават зараз ацаніць неадрамантаваны помнік 16 стагоддзя прыязджаюць замежныя турысты.