На "Славянскім базары" - Дзень моладзі

15 июля 2017

Віцебск працягвае жыць у святочным рытме. На "Славянскім базары" - Дзень моладзі. Сёння горад - у руках маладых і крэатыўных. Працуюць інтэрактыўныя пляцоўкі, гасцей запрашаюць на спартыўныя спаборніцтвы, перфомансы, выставы пад адкрытым небам.

На прамую сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Марына Раманоўская (прамое ўключэнне).

Нягледзячы на пахмурнае надвор'е, фэставы Віцебск не сумуе. Сёння на "Славянскім базары" Дзень моладзі. А гэта значыць, што праграма насычаная яркімі крэатыўнымі праектамі. І большасць з іх ужо стартавалі.

Пачаўся Дзень моладзі маляўнічым парадам пад прыгожай назвай "Беларусь у сэрцы маім". Святочная калона пракрочыла па цэнтральнай вуліцы да галоўнай плошчы горада. Тут маладых і крэатыўных сустракалі апладысментамі. Ледзь пазней ля мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў прайшла патрыятычная акцыя "Мы памятаем і ганарымся".

Плошча Перамогі стала галоўнай пляцоўкай Дня моладзі. Гадзіну таму тут стартаваў фэст "Агонь танца". Стрыт-дэнс, лаціна, брэйк, беларускі народны танец. У конкурснай праграме пераплятаюцца самыя розныя танцавальныя кірункі. Тут жа праходзяць майстар-класы моладзевых субкультур, адкрыты чэмпіянат па скейтбордынгу, турнір па сілавым экстрыме.

У праграме Дня моладзі і "Адкрыты дыялог". Падчас фарсайт-дыскусіі маладыя парламентарыі з усіх рэгіёнаў Беларусі распавялі аб самых яркіх праектах, рэалізаваных дзякуючы іх ініцыятыве.

Моладзевы рытм у фэставым Віцебску ўвечары падтрымаюць дыджэі. А да гэтага гасцей чакаюць на інтэрактыўных выставах і спартыўных эстафетах.

І ўжо сёння ўдзельнікі конкурсу выканаўцаў эстраднай песні праспяваюць "Славянскі хіт". Беларусь хварэе за Ягора Шаранкова. Прамую трансляцыю конкурсу ў дзесяць вечара глядзіце ў эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Чым яшчэ запомніўся гэты фэставы дзень - раскажа мая калега Вольга Маслоўская ў "Панараме".