На плошчы Якуба Коласа ў Мінску з'явілася мабільная бібліятэка

4 ноября 2013
У гадавіну нараджэння пісьменніка ўсталявалі сем спецыяльных стэндаў, на якіх размешчана амаль восем соцень кніг. І гэта без праблем удалося, бо выданні - электронныя.

Якаў Бута пагартаў томік класіка беларускай літаратуры на сваім планшэце.

Наведвальнікам інавацыйнай бібліятэкі не прыйдзецца запаўняць фармуляры або здаваць кнігі назад. Усё, што трэба, каб пачытаць любімага аўтара, - гэта навесці камеру свайго смартфона або планшэта на QR-код на карашку кнігі. І ўсё. Праз лічаныя секунды яна ў зручным фармаце на вашым гаджэце.

Першыя наведвальнікі электроннай бібліятэкі прызнаюцца: ужо адвыклі ад папяровых кніг. Наталля з мужам і сынам другі раз прыходзяць да стэндаў па порцыю новых твораў.

У мабільнай бібліятэцы беларуская, руская і замежная літаратура. У тым ліку дзіцячая. Сярод аўтараў - Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк, Агата Крысці, Леў Талстой і многія іншыя. Усяго каля 800 твораў на сямі стэндах.

Аўтары праекта ў Мінску перанялі ўкраІнскі вопыт. Там бібліятэкі паспяхова працуюць у некалькіх гарадах. Да вясны арганізатары абяцаюць прывезці стэнды ў абласныя і нават, магчыма, у раённыя цэнтры.

Электронная бібліятэка працуе кругласутачна, скарыстацца ёй можна будзе яшчэ два тыдні. Затым плануецца, што стэнды пераедуць у іншае месца.