Дзень Перамогі Расія адзначыла з размахам

9 мая 2015

Цэнтральнай падзеяй стаў, вядома ж, ваенны парад на Краснай плошчы. Дарэчы, 70 гадоў таму, падчас парада ля сцен Крамля ішоў дождж. Тады прыйшлося адмяніць паветраную частку і нават праход калон працаўнікоў. Сёння ж надвор'е было цудоўнае. Асабліва гэта ацанілі, назіраючы за найноўшай тэхнікай у небе. Зрэшты, і на зямлі было на што паглядзець.

З Масквы наш уласны карэспандэнт Максім Кароткін. Маштаб святкавання Перамогі ў Маскве пастараліся зрабіць максімальным за ўсе 70 гадоў. Гэта датычыцца і свята на гарадскіх плошчах, і размаху юбілейнага парада на Краснай плошчы.

Ля сценаў Крамля ўрачыстым маршам сёння прайшлі больш як 15 тысяч удзельнікаў. Паўтары з іх прадстаўлялі 10 дзяржаў. Ад Беларусі перад трыбунамі чаканіў крок парадны разлік 5 брыгады спецыяльнага прызначэння.

Акрамя дзеючых вайскоўцаў, у Маскву з нашай краіны прыбылі і 6 салдат Вялікай Айчыннай. Сёння яны глядзелі парад з ложы для ганаровых гасцей і ўспаміналі свой май 70 гадоў таму. Уладзімір Барадзін і сёння жыва ўспамінае падзеі той вясны.

Цэнтр Масквы сёння - адна святочная пляцоўка. Столькі людзей адначасова тут не было ўжо шмат гадоў. На кожнай плошчы - сцэна, у кожным завулку - песні ваенных гадоў. Ля прыступак Вялікага тэатра традыцыйна збіраюцца ветэраны. Сёння іх ужо адзінкі. Але памяць аб іх працягвае гучаць з вуснаў ужо трэцяга пасляваеннага пакалення.

Цвярская вуліца сёння закрытая для аўтамабіляў. Днём на ёй прайшла самая масавая акцыя, яна носіць назву "Бессмяротны полк". Больш як 140 тысяч масквічоў прайшлі па цэнтры сталіцы, трымаючы ў руках фатаграфіі сваіх родных, якія прайшлі вайну. Акцыя выйшла далёка за рамкі Масквы. Ва ўсім свеце ў ёй сёння прынялі ўдзел больш за мільён чалавек.

Дзень Перамогі ў Маскве плыўна пераходзіць у майскія выхадныя. Для гараджан падрыхтаваная маштабная канцэртная праграма ў парках і скверах. А кульмінацыяй дня стане святочны салют.