На афіцыйным сайце дзіцячага "Еўрабачання" адкрываецца анлайн-галасаванне гледачоў

23 ноября 2018

Арганізатары значна спрасцілі працэс:   адмовіліся ад тэлефоннага і СМС-галасавання. Ніякіх перагружаных ліній. Дастаткова адкрыць афіцыйны сайт конкурсу www.junioreurovision.tv на любым гаджэце, у любым пункце свету. Пасля папярэдняга прагляду відэа з канкурсантамі кожны сфарміруе свой топ. Мінімум тры і максімум пяць песень.

Вольга Саламаха, каардынатар праектаў Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза: "Што самае галоўнае, галасаваць можна і за свайго ўдзельніка. Гэта значыць, што беларусы могуць падтрымаць Даніэля Ястрэмскага, які выступае ад нашай краіны".

Удзельнікаў дзіцячага "Еўрабачання" можна не толькі пачуць, але і ўбачыць сваімі вачамі. Выпушчаныя дадатковыя білеты на танцпляц на генеральны прагон, які пройдзе 24 лістапада. Прыходзьце загадзя. Яшчэ да пачатку шоу гледачоў чакаюць мноства забаўных зон у фае "Мінск-Арэны".