Музей роду Дараганаў адкрыўся сёння ў Асіповічах

6 февраля 2015

Музей беларускага дваранскага роду Дараганаў адкрыўся сёння ў Асіповічах. 370 экспанатаў занялі пяць залаў. Гэтыя фамільныя рэчы нашчадак роду, Андрэй Дараган, перасылаў са Швецыі ў Беларусь больш за год. І вось, нарэшце, усе яны, некалі вывезеныя з Асіповіч, вярнуліся дадому.

Векавыя экспанаты ўбачыла і Таццяна Нікіціна. Два гады таму. Швецыя, Стакгольм. Андрэй Дараган марыць пра тое, каб некалі паехаць на сваю гістарычную радзіму, у Асіповічы, і стварыць там музей сваіх продкаў. Нашчадак дваранскага роду Дараганаў, якія заснавалі Асіповічы, разам са сваёй жонкай Ланай сабралі вялікую калекцыю фамільных рэчаў.

Сёння гэта мара здзейснілася. 370 экспанатаў у пяці залах краязнаўчага музея. Больш за год Дараганы перасылалі са Швецыі ў Беларусь экспанаты, а работнікі музея ўжо самастойна ўзнавілі атмасферу XIX і XX стагоддзяў.

Экспазіцыя будзе папаўняцца і далей. Ад лялек да капелюшоў і бінокляў. Магчыма, з’явіцца яшчэ адна зала, прысвечаная выключна жанчынам дваранскай сям'і.

Яго прозвішча да гэтага часу гучыць у назве чыгуначнай станцыі. Стацкі саветнік Восіп Фёдаравіч Дараган набыў зямлю тут, у Асіповічах, і ўсяго за дзевяць месяцаў пабудаваў 80 кіламетраў чыгункі.

Раней гэтыя землі належалі Радзівілам, а напрыканцы XIX стагоддзя сталі ўласнасцю Дараганаў — заснавальнікаў і ўладальнікаў заводаў, млыноў і мясцовай чыгункі.

Зараз Андрэй і Лана Дараганы адпраўляюцца ў Стакгольм. Яны ўжо ўбачылі першых наведвальнікаў музея, гэта значыць гісторыя працягваецца.