У Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыўся вернісаж, прысвечаны Адаму Міцкевічу

3 февраля 2018

Метрычны запіс аб нараджэнні Адама Міцкевіча ўпершыню прапанаваны шырокай публіцы. У Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыўся вернісаж, прысвечаны легендарнаму паэту і публіцысту, выхадцу Навагрудчыны. Выстава адкрывае маштабныя ўрачыстасці да 220-годдзя са дня нараджэння Міцкевіча. Больш падрабязна - Іна Пілевіч.

Яго хрысцілі амаль праз тры месяцы пасля нараджэння і далі падвойнае імя – Адам-Бернард. Будучага паэта і публіцыста Міцкевіча далучалі да каталіцтва ў Навагрудскім касцёле. Доказ гэтаму упершыню дэманструецца на шырокі агляд. Гэты метрычны запіс аб хросце аўтара «Пана Тадэвуша» і «Дзядоў» зусім нядаўна быў знойдзены нашымі даследчыкамі ў Вільнюскім архіве. Тут і звесткі пра бацькоў, і прадзедаў асветніка, вакол паходжання якіх даўно ходзяць дыскусіі.

Інтэр'ер, які ў сваіх творах апісваў Міцкевіч. Да 220-га дня нараджэння публіцыста Музей гісторыі беларускай літаратуры аформіў шляхецкую гасцёўню 19-га стагоддзя. Мэбля, гадзіннік той эпохі – з асабістых фондаў. Па меркаваннях, у абсталяваным такім чынам пакоі паэт-рамантык бавіў час з сябрамі.

На крэсле ў шляхецкай гасцёўні – веер і маленькая жаночая сумачка. Гэтыя рэчы як напамін пра Марылю Верашчаку. Яна ўвайшла ў гісторыю як каханая Адама Міцкевіча. Але ў гэтай гісторыі нешчаслівы канец. Справа ў тым, што на момант знаёмства з паэтам Марыля была заручана з іншым. Ды і бацькі былі супраць сувязі з публіцыстам.

У вольны час шляхцічы чыталі вершы, пілі гарбату, музіцыравалі. У вітрынах - ноты актуальных на той момант твораў. Побач – пасляжыццёвыя выданні кніг Міцкевіча, копіі перапіскі з сябрамі філаматамі і філарэтамі - эстэцкай суполкай, што падвяргалася ганенням. Словам, спадчына асветніка, якога лічаць нацыянальным паэтам, не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Літве, Расіі.

Афіцыйна Міцкевічу 220 толькі ў снежні. І на гэты сезон для экспазіцыі распланаваны маршрут па месцах, звязаных з біяграфій паэта. Пасля Мінска выстава пераедзе ў сядзібу Завоссе, дзе і нарадзіўся пясняр.