Мінск сёння 25-ы раз стаў кніжнай сталіцай свету

28 февраля 2018

Прывітанне ўдзельнікам і гасцям накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Да нас з'ехаліся найбуйнейшыя выдаўцы, літаратары, крытыкі з 32 краін. Ганаровы госць - Сербія. У выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў - нацыянальныя павільёны ўсіх краін-удзельніц. І кожная падрыхтавала сваю праграму. Алена Борматава з міжнароднага кніжнага форуму.

Беларускі класік на рускай мове. У год векавога юбілею паэмы Коласа «Сымон-музыка» выдаўцы з Санкт-Пецярбурга прэзентуюць у Мінску твор сусветнага культурнага кантэксту. Адзін з перакладчыкаў - член-карэспандэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў.

Пяць дзён кніжны форум будзе сапраўдным раем для літаратурных гурманаў. Сотні тысяч фаліянтаў рознага напрамку - ад энцыклапедычных выданняў да турыстычных даведнікаў. Сотні прэзентацый і сустрэч з пісьменнікамі.

Алесь Карлюкевіч, Міністр інфармацыі Беларусі: "Існуе такая практыка, як увага да міжнароднага календара кніжных выставак. Аўтарытэт і павага да гэтага праекта ёсць. Чвэрць стагоддзя выстаўка працуе - гэта дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў праекце. І ўвага сёння ёсць, ёсць перспектывы".

Чвэрць стагоддзя Мінск прымае буйны выдавецка-літаратурны форум. Сёлета ўдзел у выставе бяруць 360 экспанентаў з 32 краін свету. Упершыню ўдзельнічае Румынія.

Віярэл Машану, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Беларусі:

“Гэтая сумесная наша праца павінна быць вельмі ўзаемазвязана для таго, каб чытачы па адзін і другі бок у нашых дзвюх краінах даведаваліся аб прыгожых рэчах - аб літаратуры, аб музыцы, аб мастацтве. Усё, што перадаецца праз кнігу".

Ганаровы госць - Сербія. Балканская краіна прэзентуе мноства выданняў, прысвечаных Першай сусветнай вайне. Таксама сваю нацыянальную класіку ў перакладзе на беларускую мову. Сербія сёлета будзе прымаць і міжнародны з'езд славістаў. Ён праходзіць раз на пяць гадоў. Мінулы прымала Беларусь.

Велька Кавачавіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сербіі ў Беларусі:

"Культура ў рамках такіх міждзяржаўных адносін дапамагае збліжэнню нашых двух братэрскіх народаў. І тое, што Сербія з'яўляецца ганаровым госцем, мае свой глыбокі сэнс, таму што і нашы пісьменнікі будуць ведаць лепш адзін аднаго".

Толькі з друку і пакуль у адзіным экзэмпляры. Дакументальна-мастацкае выданне «Беларусь-Літва. Час збліжэння». Аўтар - дыпламат і новы член Саюза пісьменнікаў Уладзімір Дражын. Афіцыйная прэзентацыя праз некалькі дзён.

Уладзімір Дражын, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве (2006-2014 гг.):

"Час, які мне давялося перажыць як надзвычайнаму і паўнамоцнаму паслу, дазволіў адказаць на пытанне, чаго ў нас больш. Больш агульнага, канструктыўнага, стваральнага".

Персонай сёлетняй выставы зноў стаў наш Францыск Скарына. Летась мы адзначалі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Вынікі навукова-даследчай і выдавецкай працы прэзентуюцца на форуме. А за шырокі агляд у СМІ гэтай працы Нацбібліятэка выказвае падзяку нашым калегам - спецыяльнаму карэспандэнту Агенцтва тэленавін Наталлі Бардзілоўскай і загадчыцы аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Першага канала Беларускага радыё Галіне Шаблінскай. Апроч таго, Скарына стаў і адной з галоўных асоб у выдавецкіх праектах Саюзнай дзяржавы.

Год роднай зямлі - краязнаўчыя, навуковыя, альбомныя і энцыклапедычныя выданні. Усё на нацыянальным стэндзе нашай краіны. А ён, дарэчы, самы вялікі на выставе. Ды і колькасць удзельнікаў у нас рэкордная - ажно 216 экспанентаў.

Акцэнт сёлетняй кніжнай выставы зроблены на адукацыю. У Год малой радзімы на Беларусь мусяць прывезці экзэмпляр першага ў свеце “Буквара”, які ў 1618 годзе быў выдадзены на тэрыторыі Беларусі і адзіны экзэмпляр якога зараз захоўваецца ў Вялікабрытаніі.

Беларусы прыдумалі буквар, і беларусы сёлета будуць адзначаць яго 400-годдзе. Сёння толькі на некалькі гадзін Нацыянальная бібліятэка на сваім стэндзе выставіла арыгінал выдання Спірыдона Собаля, якое літаральна да мінулага года лічылася самым старажытным беларускім букваром.