Міжнародны фестываль вулічнага малюнка “Гарадскія міфы” ў сталіцы

30 сентября 2015

Мінск і яго гісторыя вачамі ўсяго света - у сталіцы ладзіцца міжнародны фестываль вулічнага малюнка “Гарадскія міфы”. Сваю творчую думку і мастацкі пэндзаль да дамоў Кастрычніцкага раёна прыкладуць графіцісты з Іспаніі, Італіі, Аўстраліі, Грэцыі, Расіі, Украіны і Беларусі. Праца нашага суайчынніка ўжо амаль завершана - вулічны мастак прысвяціў яе першаму мінскаму аэрапорту. Пераўтвараць шэрыя сцены ў яскравую кампазіцыю ўжо пачаў і грэчаскі майстар - малюнак з’явіцца на доме па вуліцы Варанянскага.

Мастакі нададуць новы выгляд сямі дамам сталіцы, шэсць з якіх жылыя шматпавярхоўкі. Нагадаю, нядаўна міжнародная каманда графіцістаў ператварыла некалькі вуліц Мінска ў велізарныя карцінныя галерэі пад адкрытым небам на фестывалі “Вуліца Бразіл”.