Майстры польскага малюнка выставілі свае творы ў Мінску

27 июля 2017

Яшчэ адна культурная падзея ў гэтыя дні праходзіць у Мінску. Майстры польскага малюнка выставілі больш за тры сотні партрэтаў, карыкатур, краявідаў і гістарычных сцэн. Творы паходзяць з калекцый Падляскага музея ў Беластоку і Акруговага музея ў Сувалках.

Гэты малюнак першы папоўніў сховішчы Падляскага музея ў Беластоку. Алоўкам на паперы паказаны «П'яніца ў інтэр'еры», намаляваны ад рукі Міхала Эльвіра Андрыёлі - польскага мастака, які стаў знакамітым больш як ілюстратар. У фонды эскіз перадаў ксёндз Абрамовіч, які быў не толькі пробашчам касцёла Святога Роха ў Беластоку, але і збіральнікам твораў мастацтва.

Дзесяць гадоў таму гэты твор выстаўляўся на адным з нямецкіх аўкцыёнаў. Было вырашана купіць малюнак напалову з мэрыяй горада. Крыху пазней у адной з прыватных польскіх калекцый выявілі арыгінал жывапіснага палатна, да якога набыты малюнак быў падрыхтоўкай. Аднойчы на выставе Акруговага музея ў Сувалках прадэманстравалі эскіз і арыгінал, які часова пазычылі. Аднак алеем на маштабным палатне напісаны не адзін, а двое паляўнічых, якія крадуцца за дзічынай.

Усяго на выставе «Майстры польскага малюнка» экспануецца трыста дванаццаць твораў: каля паўсотні з калекцыі Акруговага музея ў Сувалках, астатнія з Падляскага ў Беластоку. Самая позняя работа напісана ў васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя, а ў сярэдзіне дзевятнаццатага - самая ранняя.

Большасць выстаўленых работ баіцца дзённага святла. Звязана гэта з тым, што творы выкананы алоўкам на паперы. Да таго, як яны трапілі ў музейныя фонды, у іх не было патрэбных умоў захоўвання, таму матэрыял зрабіўся жоўтым. У Мінск шэдэўры польскага выяўленчага мастацтва дастаўлялі ў спецыяльных пакаваннях без швоў.

Для экспанавання з Польшчы прывезлі разнажанравыя экспанаты. Тут партрэты і карыкатуры, пейзажы і замалёўкі, гістарычныя сцэны і фантасмагорыі.