Майстар-самавучка з Брэста Юлія Гугельчук валодае сучаснымі тэхнікамі вышыўкі

24 февраля 2018

Што такое вышыўка люневільскім шыдэлкам? І як упрыгожыць звычайную сукенку бісерам альбо карункамі? Адказы на гэтыя пытанні ведае майстар-самавучка з Брэста Юлія Гугельчук. Дызайнер сваімі рукамі стварае жаночыя аксесуары і валодае сучаснымі тэхнікамі вышыўкі. Што зараз у трэндзе? Пацікавілася Вікторыя Патоня.

Цікавасць да сучаснай вышыўкі ў Юліі Гугельчук з’явілася, калі яна стала мамай. Па прафесіі цырульнік, але хобі захапіла настолькі, што дзеля любімай справы нават змяніла месца працы. Майстар-самавучка зараз упрыгожвае сукенкі ў адным з вясельных салонаў Брэста. А таксама стварае ўласныя дызайнерскія рэчы. Футра, пер’е, карункі, бісер і стразы. Юлія стварае ўзоры на гарсэтах вячэрніх туалетаў.

Дызайнер падкрэслівае, што зусім нядаўна зацікавілася і традыцыйнай вышыўкай - гладдзю. Майстра-клас брала ў сваёй бабулі.

У кожнага майстра свой стыль і асабісты почырк. Юлія стварае ўнікальныя жаночыя аксесуары, якія набываюць модніцы з розных краін свету. Напрыклад, гэтыя завушніцы зробленыя са звычайнай зашпількі-маланкі.

Каб зрабіць каралі або бранзалет, майстар заўсёды павінна бачыць гаспадара будучага аксесуара. Юлія перакананая: ад характару асобы залежыць выбар матэрыялаў. Дызайнер не робіць эскізаў, а імправізуе. Трэнд сённяшніх дзён – быць бліжэй да прыроды.

Арыгінальную біжутэрыю брэсцкага майстра таксама носяць модніцы ў Германіі, Польшчы, Амерыцы. Юлія перакананая: кожны чалавек можа зрабіць свет вакол сябе прыгажэйшым. Галоўнае - натхненне!