Маштабная выстава ў сталічнай галерэі Савіцкага знаёміць з мастацкай дынастыяй Віткоўскіх

18 октября 2023

Легенда беларускай графікі, летапісец эпохі - так знаўцы гавораць пра мастака Рыгора Віткоўскага, якому сёлета споўнілася б 100 гадоў. "З веку ў век" - так назвалі маштабную выставу, якую адкрылі ў сталічнай галерэі Міхаіла Савіцкага. Праект унікальны, бо знаёміць  з мастацкай дынастыяй. Падрабязна ў рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай.

Савецкіх часоў каток на Кастрычніцкай плошчы. Незабудаваная Няміга. Наш Дом урада. На ўваходзе ў выставачную залу - чорна-белая рэтраспекцыя  сталіцы "Сэрца Беларусі". Родны горад  для Рыгора Віткоўскага, майстра пісаў яго сталым, асэнсавана, з акцэнтамі ўласнай любові.

Рыгор Віткоўскі пісаў Мінск 60-х. Таму такая прыемная гэта выстава для тых, хто працаваў, вучыўся і жыў у беларускай сталіцы менавіта ў той перыяд. Безумоўна, сучасны, сённяшні Мінск прывабны, цудоўны, але ў работах Віткоўскага не шырыня праспектаў, а цішыня і хараство маленькіх вулачак.

Наведвальнікі літаральна прытуліліся да карцін. Многія з мінчан у выявах дзятвы на каньках і дарослых з імклівай хадой па тратуарах быццам бы пазналі сябе, сваіх бацькоў. А вось гэтая мужчынская постаць, што бяжыць ад непагадзі ў восеньскім парку, яна сёння ўвогуле "бяжыць" па музеях свету - афорт растыражаваны, як найлепшая класіка ад беларускага графіка. І ў вобразе незнаёмца - своеасаблівая сусветная філасофія восені, холаду і знаёмай кожнаму адзіноты.

Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў:

Калі ты ходзіш па гэтай выставе, ты адчуваеш пах тых гадоў, бачыў тыя вулачкі, якія былі ў Мінску. Таго Мінска мы не ведаем, не то што мы забыліся. Але ён быў да нас, мы адчуваем сябе ўнутры гэтага горада. І гэта сапраўды мастацтва мастака, які валодаў кампазіцыяй, ведаў, што такое светлацень, але галоўнае - ён любіў Радзіму.

На вернісаж выставы "З веку ў век" сабраўся ўвесь сталічны бамонд. Мяняюцца пакаленні мастакоў. Адно нязменна - для іх Рыгор Віткоўскі (цяпер стагадовы мэтр) быў і застаецца класікам і непераўзыдзеным аўтарытэтам.

Дачка Рыгора Віткоўскага  Вераніка працягвае мастацкую дынастыю, як і яе брат Раман. І зяць легендарнага беларускага графіка (Барыс Маркаў) - таксама яркая фігура ў арт. Творы ўсіх прадстаўнікоў сям'і прадэманстраваны ў экспазіцыі.

Аб'яднаў вакол сябе сям'ю і ў жыцці, і ў мастацтве. У летапісе Віткоўскіх і сумесная творчасць. Напрыклад, разам пісалі Вязынку, Купалу. Работы сёння ў музейных калекцыях. А тут, у галерэі, што ні твор - адкрыццё. Пейзажы Віткоўскага, які асабліва любіў Браслаўскі азёрны край. Партрэты: вось Цітовіч, сябраваў з мастаком. Рыгор Віткоўскі - ілюстратар гісторыі. Шматгранны, хрэстаматыйны, акадэмічны. І яшчэ шмат эпітэтаў, кожны наведвальнік дадасць свой.