Легендарнаму спектаклю Паўлінка - 70

20 мая 2014

Сімвал тэатра імя Янкі Купалы ўпершыню быў пастаўлены ў гады Вялікай Айчыннай - у 1944 годзе ў Томску. Напрыканцы гэтага тыдня адбудзецца спецыяльны юбілейны паказ, а сёння свой дзень нараджэння - 75 - адзначае адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі Ала Доўгая.


Наталля Бардзілоўская сустрэлася з актрысай.


Свой юбілей Ала Пятроўна Доўгая хацела б сустракаць у больш напружаным творчым рытме. Актрыса, якая за паўстагоддзя ў тэатры ўвасобіла дзясяткі роляў, у тым ліку брэндавую для купалаўцаў Паўлінку, сёння занятая толькі у эпізодах трох спектакляў. Таму, каб не страчваць форму, яна ўзялася штодзень дэкламаваць шэдэўры паэтычнай сусветнай спадчыны.


Зрэшты, менавіта вершы паклалі шлях у прафесію. За майстэрскае выкананне твораў беларускіх паэтаў яе, яшчэ школьніцу, запрашалі на ўрадавыя канцэрты.


А шчаслівым білецікам на паступленне ў тэатральны інстытут стала яе выкананне Кургана Купалы. З купалаўскай класікай звязаны і прафесійны уздым актрысы - пасля Раісы Кашэльнікавай і Біруты Дакальскай Доўгая працягнула галерэю Паўлінак.


Галоўную ролю ў галоўным спектаклі галоўнага тэатра краіны яна выконвала на працягу 18 гадоў. У Мінск трапіла з Віцебска - на пачатку 60-ых актрыса коласаўскага тэатра ўдзельнічала ў конкурсе Паўлінак і перамагла!


Шмат гадоў, як сваю Паўлінку Ала Доўгая перадала Зоі Белахвосцік. Сама на сцэну выходзіць у пастаноўках Людзі на балоце, Вяселле, Не мой.


Ледзь старэйшая за спектакль, Доўгая адчувае сябе як юная Паўлінка. Актрыса - байдарачніца, скакала з парашутам, а зараз чакае новай ролі ў родным тэатры.