Фестываль Лістапад знаёміць з аўтарскім кіно

5 ноября 2013
Сёння ў Мінску завяршыўся дзіцячы кінафестываль Лістападзік. Цырымонія закрыцця па традыцыі прайшла ў кінатэатры Піянер. Хоць і без чырвонай дарожкі, але ўрачыста. Тым часам дарослы Лістапад знаёміць з аўтарскім кіно. Штодня праходзяць паказы і творчыя сустрэчы з аўтарамі фільмаў і майстар-класамі.

Алена Борматава пра сённяшні дзень у вялікім кіно.

Стужкі адышлі ў мінулае. Аўтарскае фестывальнае кіно сёння - гэта лічба. Транслюецца ў аўтаматычным рэжыме без кінамеханіка. Паказы 20-га Лістапада ў кінатэатры Цэнтральны - адной з асноўных фестывальных пляцовак - гэта 2 тэрабайты інфармацыі на жорсткім дыску.

Пяты конкурсны дзень задала Маладосць на маршы. Менавіта ў гэтым кінаспаборніцтве ўдзельнічае першы на сёння арт-хіт. Да паказу ў Мінску карціна Не да часу ўдзельнічала ў Берлінскім кінафестывалі. Любоўны трохвугольнік ад аргенцінскага рэжысёра Барбары Сарасолы-Дэй. У кінаіндустрыі яна з 2000, але гэтая яе першая поўнаметражная карціна.

З гэтага года наш Лістапад у адным спісе з вядомымі сусветнымі фестывалямі - Канскім, Венецыянскім, Берлінскім. Гэта стала магчыма пасля атрымання пастаяннай акрэдытацыі Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсераў (ФІАПФ), у якую ўваходзіць 31 прадстаўнік з 25-ці краін свету.

Ігар Сукманаў, дырэктар праграм ігравога кіно XX Мінскага міжнароднага кінафестывалю Лістапад: Сёлета мы сапраўды мелі магчымасць запрасіць вельмі шмат свежых арт-хітоў - карцін, якія запатрабаваныя рознымі фестывалямі, якія раздзіраюцца гэтымі фестывалямі, таму часта цяжкадаступнымі. Але сёлета пашанцавала.

Свая Беларуская панарама прапанавана сёння ў кінатэатры Мір. У пазаконкурсным паказе - Семдзесят пятая восень Андрэя Мдывані і Гісторыя беларускай кухні. Усяго 6 айчынных дакументальных фільмаў.

Юрый Ігруша, прадзюсар: Так атрымліваецца, што ў Беларусі ў кінавытворчасці дакументалістыка лідзіруе. І на сёння беларускае дакументальнае кіно мае больш годныя пазіцыі, чым беларускае ігравое кіно. Пра гэта гавораць прызы цэлага шэрагу буйных міжнародных фестываляў.

Мінскі кінафорум займеў цэлы шэраг фестывальных прэм'ер. І гэта не толькі конкурсныя фільмы. У артхаўсе пазаконкурснай праграмы - элітарнае кіно, якое прымае удзел у асноўным кінаспаборніцтве міжнародных форумаў.

Конкурсныя паказы Лістапада працягваюцца і ў гэтыя хвіліны. У Цэнтральным зараз дэманструюць фільм асноўнага конкурсу ігравога кіно. У кінатэатры Мір у пераможную гонку ўключыліся ўдзельнікі асноўнага конкурсу дакументальных фільмаў. Так што з кожным фестывальным днём мы ўсё бліжэй да спасціжэння ісціны праз кіно.