Купалаўскі тэатр адкрыў тыднёвую серыю анлайн-трансляцый

29 марта 2020
Гэта падзея адмене не падлягае. Сусветны дзень тэатра на гэтым тыдні закрануў не толькі прафесіяналаў, але і аматараў сцэнічнага мастацтва. Сёлета адзначылі сапраўды шырока - з аўдыторыяй з розных краін. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы адкрыў тыднёвую серыю анлайн-трансляцый. 

Стартавалі з культавай "Паўлінкі". Спектакль, які традыцыйна адкрывае і закрывае тэатральны сезон, дарэчы, гэты для купалаўцаў 100-ты. Так усе ж паслядоўнікі Шэкспіра або Купалы? Хто такі артыст Купалаўскага сёння? Наш культурны аглядальнік Ніна Мажэйка пагутарыла з народнымі і пачытала з "Тутэйшымі". Пральём святло сафітаў на беларускую драму прама зараз. 

Шалясцяць старонкамі нібы ў школьным класе і ў нашыя дні. Перашкаджаць тут і праўда нельга – бо за галёркай уважліва сочыць рэжысёр. Да прэм'еры яшчэ некалькі месяцаў, але падрыхтоўку пачалі ўжо зараз. Мікалай Пінігін  другі раз узяўся за "Тутэйшых" акурат у соты сезон. 

Трагічна-смяшлівая сцэна ў чатырох дзеях, але насамрэч не жарт. Час на жарты не страчваюць, а выкарыстоўваюць да месца. Бо тут - гэта вам не там. 

На пачатку мінулага стагоддзя Купала зусім не ў ваду глядзеў – а па баках. Таму і п'еса атрымалася пра жыццё на скрыжаванні і пошук самасвядомасці. Мікіта Зносак – галоўны памяркоўны герой – зноў вяртаецца на нацыяльную сцэну. Ды яшчэ і з медалём Францыска Скарыны. Апошнім часам цэлая абойма купалаўцаў атрымала узнагароды і пацвердзіла новыя статусы - народных і заслужаных. 

І гэта не пустаслоўе - усё ж маем гонар размаўляць з выкладчыкам па рыторыцы - Аляксандрам Падабедам. Сярод яго студэнтаў "чыны" - не будзем называць высокіх рангаў. Амаль паўстагоддзя ў Купалаўскім, але званне народнага атрымаў зусім нядаўна. Сапраўдны інтэлігент ён зрэдку пагаджаецца на інтэрв'ю - не любіць дадатковай увагі. Выканаў больш за 80 роляў. Таму дакладна ведае дэфініцыю - хто такі купалавец.

Рэпертуарнае пытанне заўсёды актуальнае. Але ёсць выключэнні, на якіх будуецца тэатральны фундамент. Без “Паўлінкі” не абыходзіцца амаль ніводны тэатральны сезон. Пастаноўка доўгажыхар. З прапіскай аж з 44-га года. Дарэчы для тэатра драму перарабілі - змянілі трагічны канец на больш аптымістычны. Летась Паўлінцы надалі і новы статус - гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таму як раз да месца пашыраць аўдыторыю. Пакуль большасць жыхароў планеты сядзіць дома, тэатр прыходзіць да іх. 

Тэатральная класіка развіваецца згодна з часам. Здымаюць і з таго, і гэтага боку - цяпер сачыць за дзеяннем можна нават не выходзячы з дому. У інтэрнаце ці з дапамогай мабільнай прылады. Спектакль, які стаў культавым, набівае аматараў па ўсім свеце. 

"Паўлінка" пачала тыднёвую анлайн-серыю трансляцый. Першы паказ сабраў ля экранаў 20 тысяч карыстальнікаў. Не шмат, але гэта толькі пачатак. Віртуальная дыстанцыя будзе скарачацца.

Павел Латушка, гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: "Я ўспамінаю, што першы раз наведаў гэты спектакль са сваімі бацькамі, і вось гэты фотаздымак з галоўнай сцэны Купалаўскага тэатра да гэтага часу захаваўся ў маёй памяці». Купалаўскі тэатр сёння – гэта гісторыя. Гэта залаты фонд нацыянальнай культуры. Гэта сучаснасць і будучыня. Мы адзначаем 100 гадоў. 100 гадоў – гэта пачатак? Так. 100 гадоў – гэта працяг? Безумоўна. Гэта гісторыя, якая працягваецца. І глядзіць упэўнена ў будучыню".