Мастакі адправіліся на прыроду пісаць валожынскія пейзажы

13 октября 2015

Палотны, фарбы, пэндзлі і мальберт у прыродных ландшафтах. Эліта сярэдняга пакалення беларускага мастацкага цэха адправілася на прыроду пісаць валожынскія пейзажы - тыя самыя, якія больш за стагоддзе таму на сваіх палотнах адлюстроўваў вучань Шышкіна і Куінджы - Фердынанд Рушчыц. У дзяржаўных фондах Беларусі знаходзіцца толькі адна работа гэтага майстра. У канцы года будзе адзначацца 145-годдзе мастака, чакаецца адкрыццё імянной галерэі. Да гэтай падзеі сучасныя майстры пэндзля і мальберта ствараюць свае прысвячэння Рушчыцу. Алена Борматава - з мастацкага пленэру.

Па пейзажы на радзіму Фердынанда Рушчыца прыехалі мастакі з імёнамі. Праўда, пад ватоўкай і цёплым аддзеннем статуснасць не вызначаецца. Камфорт у майстэрні змянілі на працу ў чыстым полі. Ад мінуса ратуе тэрмас з гарбатай.

Пад'ём да ўсходу сонца, каб за самім усходам назіраць з інструментам у руках. Ад блікаў ахоўвае вялікі парасон. У восем раніцы і мы на пленэрнай пляцоўцы.

Мастакі самі выбіраюць ракурс. Шукаюць месца працы. Разыходзяцца ў розныя бакі вёскі. Па парах, але на адлегласці адзін ад аднога. Нам услед за творцамі прыходзіцца прабірацца праз вялікую траву і палі, дзе аўтамабіль праехаць не можа.

Тыдзень у Багданаве, з наваколлем, якое пісаў Рушчыц. Мастак з акадэмічнай адукацыяй, вучань Шышкіна і Куінджы. Сучасныя творцы пішуць тое, што засталося ад яго сядзібы, старажытныя алеі, дзе гуляў мастак, і дрэвы, якія, магчыма, былі пасаджаны самім Рушчыцам.

Ад усходу да захаду ў восеньскі дзень часу нямнога. Стан вельмі хутка змяняецца. Мастацкае вока бачыць змену колераў. І каб паспець занатаваць меланхалічны настрой пары, рабочы дзень робяць ненармаваным.

Эмоцыі фіксуюць у эцюдах. І на пленэрах адбіваецца акадэмічная школа. Дзясяткі загрунтаваных палотнаў у запасе. Як правіла, невялікага фармату, каб за адзін сеанс паспець не толькі злавіць момант, але і перадаць яго алеем на палатне. Дапрацоўваць работу будуць у майстэрні.

На працягу тыдня мастакі пішуць натуру, якая яшчэ ў XIX стагоддзі пакарыла Еўропу. На тых самых месцах, дзе сучасныя творцы ствараюць эцюды, працаваў і Рушчыц. У Багданаве - мястэчку, дзе нарадзіўся і памёр мастак, збіраюцца адкрыць галерэю. Першымі экспанатамі яе і стануць карціны, створаныя падчас пленэра.