Мастак з Салігорска прывёз у сталіцу рэлакс-праект "Акварэльныя разважанні"

17 октября 2023

Менавіта так можна сказаць пра шэсць дзясяткаў работ Валерыя Талкачова, якія вяртаюць гледачоў у дзяцінства, юныя гады, светлыя моманты звычайнага жыцця... Работы аўтар прадставіў у найскладанейшай мастацкай тэхніцы - акварэль. Майстра так і назваў свой праект "Акварэльныя разважанні". Вернісаж выставы сабраў велізарную колькасць прыхільнікаў. Матэрыял Наталлі Бардзілоўскай. 

Delikatissimo...Так бы назваць гэтую выставу. Але аўтар азначыў яе "Акварэльныя разважанні": падкрэсліў, што за першымі нашымі эмоцыямі ён хоча глядацкіх думак, асэнсавання, філасофскіх роздумаў - яны зашыфраваныя ў звычайных на першы погляд пейзажах міжсезоння. Па творах аўтара быццам бы адназначна - ён прыхільнік восеньска-зімова-вясновых краявідаў. Але тут…"пастка". Насамрэч, любімая пара года ў Валерыя Талкачова - лета з яго яркімі фарбамі і спякотай. А празрыстая, уся ў паўтонах акварэль - гэта яго падсвядомасць, яго другое "я". Яно дае супакаенне і самому мастаку, і яго гледачам…

Мяккая сінь зімы. Залацістыя партрэты восені. І вясна ў празрыстых адценнях. Гледзячы на кожную работу, нібыта ўваходзіш у аўтарскі сюжэт і адчуваеш надвор'е, атмасферу моманту, узгадваеш мясціны - яны быццам бы знаёмыя. Адчуванні невыпадковыя: Талкачоў піша нашу беларускую прыроду. Вёскі, гарады, храмы, помнікі. Родная любімая Беларусь паўстае ў яго карцінах не ў пампезнай сваёй велічнасці, а ў сціплай прыгажосці. 

60 работ. На гэтай выставе Майстар прадставіў мікс карцін: старыя, з самага любімага. І зусім новае - апошніх двух гадоў. Ёсць творы, якія Талкачоў дапрацоўваў менавіта да гэтага праекта і да прасторы галерэі "Высокае месца". 

Мінск ужо знаёміўся з алейным жывапісам Валерыя Талкачова. Іншы напрамак. Ім мастак-выпускнік "Глебаўкі" валодае, але прызнаецца: алей для яго - творчае выпрабаванне. 

Таямніцы непакорнай акварэлі Валерый Талкачоў ведае сам і гатовы дзяліцца з іншымі. Другога лістапада ў арт-прасторы "Высокае месца" - адкрыты майстар-клас мастака. Нараджэнне новай карціны. А па закрыцці "Акварэльных разважанняў" мастак возьмецца за новы творчы цыкл.

У задумках мастака - новы праект. Ён будзе называцца "Цёплае святло" і раскажа гледачам гісторыю майстэрні акварэліста. Як першы ранішні прамень падае на падлогу. Як "прачынаюцца" фарбы. Рамантычныя вобразы. Светлы настрой. Усё, як робіць Валерый Талкачоў.