Карціна Яна Дамеля Святы Іосіф з немаўляці Хрыстом пакінула сцены касцёла

4 февраля 2013
Гэтая карціна ўнікальная ўсім. І ўзростам - ёй 200 гадоў, і памерамі - 3х2 метра, і імем мастака. Спецыяльна для каталіцкага касцёла ў Гродзенскай вобласці яе пісаў Ян Дамель. Адправіць палатно на рэстаўрацыю - гэта ідэя саміх вернікаў. Яны ж і суправаджалі карціну ў яе першым за два стагоддзі падарожжы.
За гады карціна здабыла несумненную культурную каштоўнасць. Але наўзамен страціла былую яркасць фарб. Вільготнасць, сажа, перапады тэмператур. нават банальны пыл пакінулі свой след на палатне. Старажытныя лакі ўжо не могуць супрацьстаяць часу. 
Налёт часу з палатна ўбіраецца спецыяльным растворам. Яго аснова шкіпінар і льняны алей. А вось астатнія складальнікі трымаюцца ў сакрэце.
Унікальнасць гэтай карціны не толькі ва ўзросце. Аўтар Ян Дамель быў вядомым беларускім мастаком дзевятнаццатага стагоддзя. Вялікую частку жыцця пражыў у Мінску, тут жа і пахаваны на Кальварыйскіх могілках. Пісаў краявіды, займаўся абразовым жывапісам. Але лепшыя працы пакінуў у жанры партрэта. Карціна ж Святы Іосіф з немаўляці Хрыстом - гэта хутчэй сімбіёз жанраў.
Ёсць дамоўленасць, што праца Яна Дамеля затрымаецца на пару тыдняў. Для яе тут у Палацы арганізуюць выставу адной карціны. А ўжо потым яна зноў вернецца ў касцёл, дзе правяла апошнія 200 гадоў.