Каменныя крыжы XIII стагоддзя знойдзеныя на тэрыторыі аднаго з самых старажытных хрысціянскіх манастыроў

30 июля 2018

Каменныя крыжы XIII стагоддзя знойдзеныя на тэрыторыі аднаго з самых старажытных хрысціянскіх манастыроў. Ці падобныя яны да знакамітыхТураўскіх крыжоў і як знаходка можа адбіцца на працах гісторыкаў? Падрабязней - Алена Борматава.

Сімвал хрысціянства на месцы былога паганскага капішча. Каменныя крыжы ўсталёўвалі як знак таго, што населены пункт прыняў хрышчэнне. Гэта XIII стагоддзе. Той час, калі ў Лаўрышаве быў заснаваны адзін з першых праваслаўных манастыроў.

Тэльман Маслюкоў, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: "Мы ўвесну знайшлі тут першы крыж. Ён злёгку прыўздымаўся над зямлёй. А ўжо летам, калі пачалі расчыстку першага, заўважылі, што тут ёсць макушка каменя, і думалі спачатку, што камень, вырашылі расчысціць, аказалася, што гэта таксама крыж".

Яны раслі з-пад зямлі. Як знакамітыя тураўскія. Адзінае, што іх адрознівае, - матэрыял. Знойдзеныя ў Гнесічах - гэта кварцытавы пясчанік і пясчана-жвірова-галечны кангламерат. Склад устанавілі геолагі Акадэміі навук Беларусі.

Ігумен Яўсевій, намеснік Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра: "Гэта яшчэ адзін камень, які злучае нас з гісторыяй старажытнага манастыра. Гэта гаворыць пра тое, што ўсё ж гэта было месца гістарычным, значным і, раскрываючы гэтую гісторыю, мы набліжаемся да той сапраўднай гісторыі, якая была ў мінулым і злучала нас з хрысціянствам".

Крыжы знайшлі падчас гісторыка-пошукавых работ на месцы старажытных могілак. Больш дэталёва іх будуць даследаваць у наступным сезоне, бо, згодна з манастырскімі інвентарамі, тут існавала яшчэ і капліца. Падмуркі падобнага культавага збудавання былі знойдзеныя і за некалькі кіламетраў - на старых манастырскіх могілках у Лаўрышаве. Адна з версій гісторыкаў - гэта скіт праваслаўнага манастыра.

Тэльман Маслюкоў, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: "Князь Войшалк жыў асобна ад асноўнай часткі манастыра. Асобна - гэта значыць у скіце. І ў скіце, як правіла, храмы былі невялікія. Магчыма, гэта быў храм скіта. Храм Войшалка? Магчыма".

Даследаванні будуць працягвацца. У жніўні плануюцца папярэднія, а ў наступным годзе правядуць паўнавартасныя археалагічныя раскопкі.

Зараз крыжы выстаўлены на тэрыторыі манастыра. Да іх можа дакрануцца любы паломнік. Каменныя знакі хрысціянства будуць даследаваць і навукоўцы, каб дакладна вызначыць датыроўку. Але знаходка больш не пакіне тэрыторыю духоўнага месца.