Моладзь з Беларусі, Расіі і Латвіі аб'яднаў міжнародны лагер "Бе-La-Русь"

25 июля 2015

24 раз моладзь з Беларусі, Расіі і Латвіі аб'яднаў міжнародны лагер "Бе-La-Русь". Ён разгарнуўся на стыку трох дзяржаў ля Кургана Дружбы, які быў насыпаны больш як паўстагоддзя таму ў гонар баявога сяброўства партызан і падпольшчыкаў, змацаванай у гады Вялікай Айчыннай вайны. Маладое пакаленне памятае і паважае подзвіг братэрскіх народаў. Штогод напрыканцы ліпеня сюды з'язджаюцца сотні маладых людзей. Чатыры дні і тры ночы яны жывуць па асаблівым графіку.

У палатачным гарадку пабывала і Марына Раманоўская. 24 раз дарогі Беларусі, Расіі і Латвіі прыводзяць моладзь з трох дзяржаў да Кургана Дружбы. Чатыры дні і тры ночы ўдзельнікі міжнароднага лагера жывуць па асаблівым, культурна-спартыўным графіку.

Палатачны гарадок прачынаецца ў восем раніцы. У раскладзе - зарадка, спартыўныя спаборніцтвы і творчыя конкурсы. Сумаваць тут не прыходзіцца. У праграме маладзёжнага лагера больш як 30 мерапрыемстваў.

Асаблівая ўвага - акцыям патрыятычным. Наведванне мясцовага Музея баявой славы, ускладанне вянкоў да манументаў. Для лагера гэта ўжо традыцыя, без якой не абыходзіцца ніводная летняя сустрэча.

Сёлета больш як 400 чалавек пераадолелі сотні кіламетраў, каб прыехаць да Кургана Дружбы. Палатку сям'і Курзановых у гарадку ведае кожны. Тут яна самая вялікая. Выхадныя ў лагеры шматдзетная сям'я з Яраслаўля праводзіць ужо дзявяты раз.

Сёння ў шматдзетнай сям'і - урачыстасць. Удзельнікі лагера віншуюць з 11-ым Днём Нараджэння Сцёпу Курзанова. І хоць замест святочнага торта - ежа з вогнішча, такому святу, упэўнены імяніннік, пазайздросціць любы.

Маленькія святы тут практычна ў любай палатцы. Група з Мінскай вобласці - адна з самых шматлікіх. У лагер "Бе-Lа-Русь" моладзь прыязджае ўжо шмат гадоў. На гэты раз на Курган Дружбы нават запрасілі дыджэя.

Бліжэй да ночы пройдзе ўрачыстае закрыццё міжнароднага лагера. Больш за чатыры сотні ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі і Латвіі збяруцца ля вогнішча дружбы. Каб загадаць агульнае жаданне - прыехаць у лагер яшчэ шмат разоў.