Як культурна правесці выхадныя - раскажам у рубрыцы "Праменад"

22 октября 2021
На прэм'ерныя паказы  паводле Чэхава  чакаюць на сцэне Новага драматычнага тэатра. У афішы 30-га сезона адразу два вадэвілі. А ўжо заўтра рытмы барока напоўняць залы Белдзяржфілармоніі. На сцэне чакаюць ансамбль "Камерныя салісты Мінска". Маршрут для  інтэлектуалаў - міжнародная выстава-кірмаш "Кніжная восень у сталіцы". Экспануюць бестселеры адразу 80 выдавецтваў. 

А вось дзе можна атрымаць новыя мастацкія навыкі і да якіх тэатральных навінак варта перачытаць лібрэта, раскажам у  рубрыцы "Праменад".

Не толькі візуальна натхніцца архітэктурай Нью-Ёрка, але і стаць носьбітам такога мастацкага навыку, як скетчынг. Як ствараюцца архітэктурныя вобразы без дапамогі гаджатаў, а літаральна голымі рукамі - падкажа аўтар са Злучаных Штатаў Ількер Каджахан. Віза не спатрэбіцца, геалакацыя майстар-класаў па маланкавым малюнку – мастацкая галерэя Шчамялёва.

На працягу 10 гадоў ён займаўся хуткай візуалізацыяй ідэй для гарадскіх ландшафтаў Нью-Ёрка і столькі ж Вашынгтона. Маляваў ад рукі цэлыя кварталы, кінатэатры, афармляў круізныя лайнеры і студэнцкія гарадкі. Аўтар ўжо засвяціўся і на новым месцы жыхарства як афарміцель батанічнага саду для Гродна. Архітэктурны канцэптуальны дызайнер экстэр'ераў і інтэр'ераў ужо на пенсіі, але гатовы падзяліцца вопытам з новым пакаленнем архітэктараў. У праграме адкрытых урокаў - навучанне індустрыяльнаму дызайну, развіццю прапарцыянальных суадносін і лекцыі па асновах законаў перспектывы і святлацені.

Вялікі жыве ў рэпетыцыйным рытме. Да канца месяца ўпершыню ў афішы з'явіцца гісторыя на пуантах “Канёк Гарбунок”. Каманда тэтра прапрацавала партытуры Шчадрына і з чатырох гадзін жывой музыкі на суд эстэтаў прапануе дзве. Спектакль стане ўвасабленнем традыцыйнай казачнай гісторыі. Ад лібрэта да касцюмаў і сцэнаграфіі.

Казка, якую ведаюць усе, і музыка, якая дыктуе ўсё. У партытуры Шчадрына ў Вялікім пачулі і сучасныя ноткі. А таму рабіць афармленне сцэны з акцэнтам выключна на матывах народных на акадэмічных падмостках не сталі. Мастацкая каманда з лёгкай рукі Любові Сідзельнікавай натхнялася творчасцю Каровіна і Урубеля. Узялі курс на залаты час рускага мастацтва.

Візітоўкі гэтага майстра псіхалагічнага партрэта - вядомыя ілюстрацыі да рамана Мележа. Работы Кастуся Шаранговіча з асабістых архіваў экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Кнігі з аўтарскімі ілюстрацыямі мастака амаль кожны чуў навобмацах у 90-я. Графік быў госцем выдавецтваў. У яго партфоліа эмацыянальная графіка, каларытны жывапіс і карыкатурныя накіды. Маляваў у віртуознай тэхніцы сухой іголкі.

А як гучыць самая рамантычная пара года - пачуем у Цэнтральным батанічным садзе. Там працягваецца тэатральны марафон “Восеньскі калейдаскоп”. Фінальны акорд дадуць у нядзелю джазавымі стандартамі. Такім быў арт-дайджаст гэтага тыдня. Сачыце за навінамі ў рубрыцы "Праменад" кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.