Да юбілею Нацыянальнага мастацкага музея. Дакументальны фільм ''Дом, дзе жыве мастацтва'' на "Беларусь 3"

25 января 2019

Да юбілею Нацыянальнага мастацкага музея ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" дакументальны фільм ''Дом, дзе жыве мастацтва''. Рэальныя гісторыі з жыцця музея. Ад пастановы Савета народных камісараў БССР аб стварэнні Дзяржаўнай карціннай галерэі да статусу аднаго з найбуйнейшых музеяў Усходняй Еўропы і маштабных выставачных праектаў. У кінанарысе інтэрв'ю музейных супрацоўнікаў розных гадоў, мастакоў, мастацтвазнаўцаў, кіраўніцтва Нацыянальнага мастацкага. Па некаторыя кадры творчая група Белтэлерадыёкампаніі адправілася ва ўсе былыя і сённяшнія філіялы музея. У фільме таксама скарыстаная архіўная хроніка.

Уладзімір Пракапцоў, гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі:

"Гэта гісторыя Нацыянальнага мастацкага музея ў людзях, у гадах. Безумоўна, гэта летапіс музея і па-мастацку выдатна зроблены, добра зрэжысаваны. І, канешне, для нас гэта, безумоўна, вялікі падарунак".

Юлія Кобрыкава, аўтар праекта "Дом, дзе жыве мастацтва": "Лавіна інфармацыі, чалавечых лёсаў, звязаных з музеем. Да супрацоўнікаў, якія ўжо даўно тут не працуюць, мы выязджалі дадому. Ну, гэта было самае цікавае, насамрэч, паглядзець, як жывуць гэтыя супрацоўнікі, напрыклад, былы вартаўнік - ён зараз мастак. Ён начамі, калі тут абыходзіў усе залы, потым зашываўся ў сваёй каморцы і пісаў свае ўласныя карціны".

Такім чынам, сёння ў 19:05 на "Беларусь 3" новы эпізод дакументальнага серыяла. У чацвёртым фільме тэленавелы гледачы даведаюцца, на будаўніцтва якога філіяла Нацыянальнага мастацкага прылятаў Машэраў, ад каго супрацоўнікі музея хавалі ўнікальны экспанат - царскую браму - і як дырэктар Аладава ўгаварыла народнага мастака Савіцкага напісаць яшчэ адну партызанскую Мадонну.