Вядомая п'еса Андрэя Макаёнка Зацюканы апостал з'явілася ў рэпертуары тэатра імя Горкага

10 июля 2013

Хрэстаматыйны твор - на тэатральных падмостках. Вядомая са школы п'еса Андрэя Макаёнка Зацюканы апостал з'явілася ў рэпертуары тэатра імя Горкага. Праўда, рэжысёр Барыс Луцэнка выбраў іншую назву спектакля - Аракул. Пастаноўка спалучае ў сабе трагедыю, камедыю, мюзікл і разлічвае заваяваць усе ўзроставыя аўдыторыі, якія нават не цікавіліся класікай.


Рэпартаж Іны Пілевіч. У той момант, калі ўсе завяршаюць сезон, Горкаўскі тэатр дае прэм'еру. Паставілі класіку, прычым беларускую. І гэта адметнасць - у юбілейны 80-ты год тэатр, які больш вядомы як Рускі, звяртаецца выключна да нацыянальных аўтараў.


Быць альбо не быць? Гэта не Шэкспір, а Макаёнак. Філасофскім пытаннем задаецца 10-гадовы хлопчык. Маленькі Гамлет менавіта так у кулуарах празвалі новую пастаноўку. Бо галоўны герой, па сутнасці, дзіця спрабуе вырашыць дарослыя праблемы, смела адстойвае свае перакананні. Персанаж нават упэўнены, што можа прадказваць падзеі. Таму спектакль паводле п'есы Макаёнка Зацюканы апостал перайменавалі ў Аракул. Мэтр беларускай тэатральнай школы Барыс Луцэнка некалькі дзесяцігоддзяў таму ўжо ставіў Зацюканы апостал у Купалаўскім тэатры. Тады авацыі атрымлівалі Мілаванаў, Браварская, Талкачова. Сёння галоўную ролю рэжысёр аддаў маладому акцёру - Уладзіміру Глотаву. Разам з ім на сцэне медыйныя асобы - вядомая па расійскіх серыялах Юлія Кадушкевіч і зорка комік-шоу Аляксандр Вергуноў.


Пастаноўка па-за часам і месцам дзеяння. Агульначалавечыя праблемы акцёры іграюць у такіх жа абагульненых рознымі эпохамі і стылямі дэкарацыях. У рухомай канструкцыі ўгадваюцца егіпецкія піраміды, грэчаскія калоны і атрыбуты сучаснасці.


Рэпліка - як песня. Новае прачытанне класіка Макаёнка напоўнена музыкай. Спецыяльна для прэм'еры нават былі напісаны зонгі, што значыць - надзённыя сатырычныя песні. Беларускай прэм'ерай Рускі тэатр завершыць сезон ужо ў гэту пятніцу.