ІІІ Мінскі Калядны конкурс вакалістаў у Вялікім тэатры Беларусі

8 декабря 2016

Пераднавагоднія сюрпрызы рыхтуе творчая эліта. У Вялікім тэатры Беларусі - ІІІ Мінскі Калядны конкурс вакалістаў. Геаграфія шырокая - ад ЗША да Далёкага Усходу. Ёсць прадстаўнікі Ірландыі, Швецыі, Карэі і Манголіі. Сярод канкурсантаў - уладальнікі рэдкіх галасоў: контртэнара і бас-барытона. Падрабязней - Алена Борматава.

Для маладых салістаў як для высокіх гасцей асобны ўваход у Вялікі тэатр Беларусі. Конкурс пачынаецца з урачыстай Габеленавай залы. Рэгістрацыя і жараб'ёўка. Шары на каляднай ёлцы - не што іншае, як конкурсны нумар вакаліста. Тут іх некалькі сотняў.

На рукі канкурсанты атрымліваюць інфармацыйны ліст, дзе пазначаны час і месца правядзення рэпетыцыі. Прымаючы бок не дазваляе сабе выпусціць вакаліста на сцэну без падрыхтоўкі. Больш за тое, многія канкурсанты будуць выступаць у суправаджэнні канцэртмайстаў Вялікага тэатра Беларусі.

Паўгадзіны на рэпетыцыю. Аднолькавыя ўмовы для ўсіх. У пеўчай алімпіядзе Вялікага тэатра Беларусі - уладальнікі ўсіх тыпаў галасоў. Тут і традыцыйныя тэнар, барытон, бас і вельмі рэдкі контртэнар - самы высокі мужчынскі голас. Сярод жанчын - класічныя сапрана і меца-сапрана.

Першапачаткова на конкурс было пададзена 225 заявак, але да вакальнага спаборніцтва даехалі не ўсе салісты. Так, у першым туры, які пройдзе на працягу двух дзён, удзел возьмуць каля 200 маладых оперных выканаўцаў з 20 краін свету. Да другога тура журы дапусціць толькі 30 канкурсантаў.

Сем дзён і тры конкурсныя адборы. Першы і другі тур пройдуць пад акампанемент фартэпіяна. Трэці, да якога дойдуць усяго 10 чалавек, - на вялікай сцэне тэатра. У суправаджэнні аркестра разам з салістамі нашай трупы маладыя оперныя выканаўцы сыграюць сцэну аднаго са спектакляў беларускага Вялікага.

Яшчэ ёсць і спецыяльныя прэміі членаў журы. А сярод суддзяў - 18 прафесіяналаў акадэмічнага вакальнага мастацтва. Перспектыва кантрактаў з сусветнымі опернымі сцэнамі для маладых салістаў часта перавышае фінансавую падтрымку.