Ігар Лучанок адзначае 80-годдзе

6 августа 2018

Сёння Ігар Лучанок прымае віншаванні. Кампазітару, чыю творчасць ведаюць і любяць многія пакаленні, споўнілася 80 гадоў! З юбілеем народнага артыста Беларусі і Савецкага Саюза павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Народны артыст Савецкага Саюза, аўтар мноства кантат, санат, уверцюр, але найбольш вядомы і любімы публікай як песеннік. Гэта ён напісаў музыку да такіх хітоў, як "Алеся", "Полька беларуская", "Мой родны кут".

Куранты гарадской ратушы кожную гадзіну адлічваюць прыпевам "Песні пра Мінск". Аўтар - карэнны мінчанін, сёння юбіляр.

Поўдзень Мінска. Калісьці Чэрвеньскі тракт, ускраіна, сёння – дынамічны цэнтр. Тут, на вуліцы Маякоўскага, у жніўні 1938 года нарадзіўся Ігар Лучанок. Маці – хімік-біёлаг, бацька – артыст тэатра Уладзіслава Галубка. Сям'я жыла ў драўлянай хаце. У 13-метровы пакой тата будучага кампазітара нёс любы інструмент - скрыпку, гармонік, цымбалы. Марыў, каб сын стаў музыкантам.

Мара спраўдзілася: сын - народны артыст СССР. Але ад бацькоўскага дома, як і ад таго часу, застаўся толькі ўспамін. Сям'я шмат пераязджала - Мар'іна Горка, Магілёў. Сёння вокны кватэры Ігара Лучанка выходзяць на цэнтр сталіцы. Панарама - парк Горкага, цырк і плошча Перамогі, якая для Лучанка галоўны сімвал - яго бацька ваяваў, маці з дзецьмі жыла ў эвакуацыі пад Растовам. Пасля вайны вярнуліся ў Беларусь.

Гераічнай тэме Лучанок прысвеціць не адну песню. Як і лірычнай.

Ён паклаў на музыку амаль усю беларускую класіку, прысвечаную каханню. Сваю ж другую палову сустрэў у Мар'інагорскай бібліятэцы.

Па сёння - старшыня Саюза кампазітараў Беларусі. Хатні раяль не адпачывае. Твор з апошніх - песня да 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі. Кампазітар-акадэміст і аўтар рок-оперы. Але ўсенародную любоў яму прынеслі песні. Многія хіты слухач лічыць народнымі.

Творца і палітык. Адданы камуніст. Захоўвае партыйны білет і не саромеецца савецкага мінулага. Сёння юбіляр прымае віншаванні, а напрыканцы верасня рыхтуе аўтарскі вечар.

Да юбілею народнага артыста тэлеканал "Беларусь 3" сёння прапануе тэматычныя выпускі праектаў. Праграма "Легенды беларускай эстрады”, музычнае прысвячэнне лёсу і творчасці Ігара Лучанка, юбілейны канцэрт, запісаны медыяхолдынгам на "Славянскім базары - 2018" і дакументальнае кіно пра знакамітага кампазітара-песенніка.