Ігар Лучанок. Маэстра - 75

19 марта 2014
Вялікая зала Белдзяржфілармоніі гэтымі хвілінамі літаральна запоўненая творамі Ігара Лучанка. Са сцэны гучаць як хіты кампазітара, так і яго акадэмічная музыка. Маэстра - 75, і святкаванні ў гонар яго юбілею працягваюцца. Сённяшні творчы вечар раскрывае новыя грані таленту кампазітара і падкрэслівае: Лучанок і да гэтага дня сучасны і любімы.

Наталля Бардзілоўская ўпэўнілася ў гэтым асабіста!


Не толькі для Беларусі - для ўсяго былога СССР імя народнага артыста Ігара Міхайлавіча Лучанка - гэта, першым чынам, песня. Аўтар сотняў папулярных і сёння хітоў - ад гімна беларускай сталіцы Песні пра Мінск да шлягераў на нацыянальную паэзію Вераніка, Алеся, Мой родны кут… Але сёння кампазітар вырашыў нагадаць: у яго за спінай тры кансерваторыі: Беларуская, Ленінградская і Маскоўская, а ў творчай скарбонцы, акрамя песень, прэлюдыі, санаты і інструментальныя фантазіі.


Пяць прэлюдый для фартэпіяна - адны з першых інструментальных п'ес, якія кампазітар-пачатковец Ігар Лучанок напісаў у далёкія 60-я. Студэнт па класе кампазіцыі Анатоля Багатырова яшчэ і бліскучы піяніст - тады Лучанок сам прэзентаваў свае творы ў зале Беларускай кансерваторыі. Сёння яго піяністычныя п'есы ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі для шматлікіх гучаць як адкрыццё.


Рамансы - яшчэ адзін дэбют Лучанка ў акадэмічным жанры. Вуха слухача, звычна настроенае на яго эстрадныя хіты ад Песняроў, Сяброў, Ратару, Кабзона, сёння ацаніла камерную вакальную класіку мэтра. Мелодыі на вершы Сільвіі Капуцікян для кампазітара - успамін аб далёкіх 70-ых, калі ён павышаў музычную кваліфікацыю стажыроўкай у Ленінградскай і аспірантурай у Маскоўскай кансерваторыях.


Сярод акадэмічных партытур Ігара Міхайлавіча - кантаты, уверцюры, балады, п'есы для габоя, струнных, сімфанічная музыка. Але ў якім бы жанры не пісаў маэстра, ён заўсёды пераканаўчы і лічыць, што галоўная годнасць музыкі - быць зразумелай для любой аўдыторыі слухачоў. Ён сапраўды сучасны і высока ацэнены - гэта падкрэслівае і
высокая ўзнагарода Кіраўніка беларускай дзяржавы: у 2011 Лучанок удастоены спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі Праз мастацтва - да міру і паразуменню.


Народны артыст СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і ўладальнік ордэнаў Францыска Скарыны і Дружбы народаў, заслужаны дзеяч культуры, заслужаны дзеяч мастацтваў Ігар Лучанок стаў першым беларусам, чыё імя з'явілася на імянной Алеі зорак у Маскве.


Ігару Лучанку - 75. Сённяшні канцэрт - толькі частка яго творчых вечароў, прысвечаных юбілею. Але кампазітар не толькі падагульняе мінулае. На яго раялі - новыя недапісаныя партытуры.